14 March 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

14 March 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Трапіла ў рукі «Звезда» 1972 г. № 4, 5. Там хроніка нейкага А. Сапарава «Опасные комедианты». Чытаў ад няма чаго чытаць – не ўсё ж чытаць Чорнага, Стывенсана, Дастаеўскага і нават Дзюма. У крайнім выпадку можна і гэта. І пляваўся. На кожным кроку жудасць, неразуменне эпохі, чэкісты гавораць на мове Разуміхіна (не памятаю, здаецца, яго: «статеечка», «липовый документик», «чертежик», «ребятки»).

І на кожным кроку ляп. Князь Мікалай Дзмітрыевіч Галіцын робіць дамскія туфлікі, каб не памерці з голаду. Інакенці Інакенцьевіч Замяцін абураецца (гэта Галіцын перадае яго словы): «…дико и чудовищно, чтобы русский князь, потомок Рюриковичей, подыхал с голоду». Значыць, або прадстаўнік добрай дваранскай фаміліі Замяцін не ведае, або Галіцын не ведае сам, што Галіцыны не Рурыкавічы, а Гедымінавічы, як і Трубяцкія. Здыхаць з голаду, вядома, усё адно цяжка, Рурыкавіч ты ці Гедымінавіч, але сумняваюся, каб Галіцын такога не ведаў ці Замяцін памыляўся, а Галіцын гэтай ягонай памылкі не заўважыў. Быў такім чынам нечым накшталт шызіка, які з розуму выжыў, і прашчалыгі Пецькі Шаўцова. І ўжо калі князь Гедымінавіч разбіраўся ў ботах і добра іх шыў, то савецкаму пісьменніку (а пісьменнік, відаць, калі друкуе «Звезда») сорам не разбірацца ў генеалогіі тых, пра каго ён піша. Не ўжо. Калі шавец, то ведай тонкасці рамяства. Калі пісьменнік, то ведай і рамяство і генеалогію, калі ўжо ўзяўся.

А то піша і піша. Калі князь, то Рурыкавіч (а яны, як вядома, лічыліся пры Раманавых… ну… мо на палову прыступкі ніжэй за Гедымінавічаў; магчыма, Раманавы рабілі гэта назнарок, маючы на ўвазе і сваё паходжанне, хаця і яны Гедымінавічамі не былі).

А то яшчэ «Угренинов – настоящая русская фамилия, не то что Шильдер». Ну понятно, фамилия стала русской, может, за десять поколений – как Фонвизин, – и люди стали русскими. Только нельзя называть чистейшим образцом русской фамилии – фамилии, которые сами говорят о происхождении предка: Хазаринов, Татаринов, Евроинов… Угренинов («угры» – венгры). Так что последняя фамилия это Венгеров, Венгерцев. Гавора сабе і гавора.