31 December 1942, Ivan Mielež | Wir.by

31 December 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Перадавалі вялікае паведамленне — «Вынікі 6 тыдняў наступлення нашых войск пад Сталінградам». Паведамленне растлумачыла ўсё, што адбылося пад Сталінградам i на Доне, прааналізавала тры стадыі нашага наступлення, паведаміла пра страты немцаў у людзях i тэхніцы, пра нашы трафеі. Паведамленне гэтае дух займае, такая карціна нашага наступлення намалявана. Так, прыйшло свята на нашу вуліцу. Прыйшло — да канца старога года i пачатку новага!

Душа поўная надзей, дай бог, каб яны спраўдзіліся!

Запомніць усё немагчыма. Чакаю з нецярплівасцю газет. Памятаю толькі: у Сталінградзе акружаны 22 дывізіі. Разгромлена 36 дывізій. Захоплена больш за 2 тыс. танкаў.

Так, свята на нашай вуліцы!

У апошнія дні я багата думаю пра сваю будучыню. Ладую планы на новы год. Калі мяне не возьмуць у армію — трэба пачынаць вучыцца. Не траціць попусту часу. Пакуль, можа быць, тут, завочна. А потым — у МДУ, у які ўлілі, па чутках, наш ІФЛІ. Даведку пра тое, што быў у ІФЛІ, я, праўда, згубіў, але павінны ж быць недзе дакументы — у архіве. Так што гэта можна аднавіць. Вось толькі толкам невядома, дзе гэты МДУ, куды пісаць. Кажуць, нібы ў Свярдлоўску. Увогуле, гэта трэба высветліць.

I вядома — пісаць сваё. Кожны дзень. Закончыць вершы, якія засталіся са шпіталя. Напісаць — «У апошні час». I пісаць апавяданні.

Апрацаваць «Сустрэчу ў шпіталі» i «Апошнюю аперацыю».

Адным словам, не траціць попусту часу!