5 July 1941
Ivan Mielež
Учора ўвечары хтосьці застрэліў Сафронава, калі той стаяў на пасту. Дзве кулі прабілі галаву. Хто страляў — высветліць не ўдалося.
Сёння была сустрэча з немцамі. У твар ix мы, праўда, не бачылі. Білі па пяхоце. Упершыню пачулі віск мін i гук разрыву. Гэта — пачатак.
Потым міны рваліся бліжэй, спераду, ззаду, па баках. Мы прыкрывалі адыход батарэі. Картушын загадаў: «Хто лішні, ідзіце!» Я мог бы пайсці, але пачуццё сумлення i годнасці перамагло страх смерці. (Я цяпер ганаруся гэтым.) Міны рваліся ўсюды, але мы стралялі i стралялі. Матора быў наводчыкам. Толькі па загаду адышлі да лесу. У лагчыне ляжала пакарэжаная наша гармата. Міна ўцэліла ў перадок. Некалькі чалавек забіла. Раненыя былі пакінуты. Мы ix пасадзілі на свае гарматы i вывезлі... Спыніліся на ўзлессі. У лесе недзе зусім блізка страчылі кулямёты. Я стаяў назіральнікам на флангу. Мне здавалася, што ўсё скончана. Немцы ўжо зусім побач. Толькі ўвечары прыйшоў загад
адысці. У вячэрняй цемры — злавесныя языкі полымя. Гэта гарыць запаленае сяло. Усюды валяюцца кінутыя ў спешцы ранцы. Мы натрапілі на скрынку з яйкамі. Можна было суцішыць свой голад. Толькі цяпер усе ўспомнілі, што нічога не елі. Спрабавалі прайсці праз лес, вывезці гарматы. Іншага шляху не было, мы ў акружэнні. Круты ўздым i вузкая сцяжынка. Гармату немагчыма ўратаваць. Узарвалі.
Ідзем да Збручча, праз лес. Цёмна, як ў магіле.