5 July 1982
Uładzimir Karatkievič
17℃. З раніцы пахмурна і нудна. Прачнуўся позна. Званіла Нуйкіна з «Нового мира», адчытаў за самавольныя праўкі і сказаў, што, калі не прыслухаецца, — матэрыял зняць. Пайшоў у Дом кнігі, атрымаў карэктуру «Леанідаў». Гэтыя малпы-няробы набіраюць, як пальцам у с… круцяць, а ты тады скарачай 137 радкоў. 3 старонкі з гакам, ды яшчэ ў канцы, дзе дзеянне плотнае. Адправіў рукапіс у «Новый мир», схадзіў у ашч[адную] касу (адну кніжку так і не знайшлі), у магазін. Прыйшоў знясілены. Жонцы сёння будуць пенсіянеры з піянерамі зацвярджаць вымову, прыйдзе позна. Значыць, сам вары есці. А, плюну на ўсё ды буду піць каву. Пляваў я.