24 August 1965, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

24 August 1965

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Сёння зноў пасварыліся [З Рыгорам Барадуліным і Генадзем Кляўко]. Ды яшчэ пасля гэтага і жарты ў салдацкім гусце. Палову дня не размаўляем. Кудысьці хадзілі раніцай (можа, дамаўляцца аб машыне), кудысьці цяпер (можа, на радыё). Не клічуць – я і не іду. Хаця па справах агульных гавораць і ворагі. Ну і хрэн з імі, урэшце! Сёння шкадую, што адмовіўся ад В'етнама. Можа, яшчэ і не позна. Калі так, заўтра пайду па грошы і пагавару. Лепей хадзіць у трусах, тапачках і чахле на галаве, лавіць акул і бачыць бамбардзіроўшчыкі, чым ехаць у запаведнік з такой кампаніяй. Тыгры здадуцца анёламі Божымі.

З раніцы дождж. Пасля гарачае сонца. І вось у 16.15 зноў паліло. Даўно гэтай залевы не было, халеры. Цэлы дзень маўчаў (раніцай толькі з'ездзіў у рэдакцыю, занёс Жураўлёву часопісы ды зайшоў на пошту, прыехаў праз 40 хвілін, рэкорд), цэлы дзень пісаў лісты. Напісаў усім чыста. Магу цяпер ляжаць і пляваць у столь. Вось яна, якая гісторыя.