25 August 1941, Ivan Mielež | Wir.by

25 August 1941

Ivan Mielež

Ivan Mielež

З раніцы доўга тырчалі на нейкай станцыі. Побач — таксама эшалоны. Maбыць, дарога забіта. Нудна, дрэмлем. Пасля поўдня поезд рушыў. Я драмаў. Моцны штуршок, як выбух. Поезд стаў. Хтосьці сказаў: пэўна, бамбяць. Выскокваем з вагона. Не, усё спакойна. Зноў — у вагон. Яўна чую моцны выбух, потым другі, трэці. Выскокваем з вагона. Немцы разбілі пуць у сярэдзіне эшалона. Паравоз з двума вагонамі прарваўся ўперад, у Запарожжа. Астатнія вагоны мы над абстрэлам рукамі адганяем па аднаму, па два назад. Ca ст. Канкрынаўка прыйшоў паравоз. Прычапілі вагоны i адвялі. Некалькі чалавек загінула. Абстрэл вялі з в. Хорціца. На ст. Канкрынаўка нас бамбілі.

Адна бомба разарвалася ў затоцы ля берага, i нас заліло вадой i граззю. Абышлося шчасліва. Але кулямётнай чаргой паранены Растаропаў. На другі дзень нас павезлі зноў на злашчаснае месца. Многія бурчалі — на пагібель яшчэ раз вязуць. Але ўсё абышлося ўдала. Ст. Запарожжа амаль уся разбіта — сляды абстрэлаў з Хорціцы. Хутчэй бы скончыўся гэты шлях, на фронт, хутчэй бы.