Што такое «родная мова» | Wir.by
Якая мова больш родная? Ці толькі матчына мова з'яўляецца роднай? І як гэтую праблему вырашаюць у іншых краінах, напрыклад, у былой Югаславіі? Распавядае даследчык з НДУ ВШЭ Антон Сомін.
somin
Антон Сомін

Што такое «родная мова»

ethnoby-logo-big-c.pngЗнята пры тэхнічнай падтрымцы партала Ethno.byШто такое «родная мова»? Спачатку звернемся да тлумачальных слоўнікаў. Слоўнік Ожагава тлумачыць родную мову як «мову сваёй радзімы, на якой гавораць з дзяцінства». Але, па-першае, на радзіме можа быць некалькі моў. Па-другое, тое, што вы хочаце называць роднай мовай, можа не супадаць з тым, як вы гаворыце з дзяцінства. Па-трэцяе, тое, на чым вы гаворыце з дзяцінства, можа не быць мовай вашай радзімы, напрыклад, калі вы мігрант. Што такое родная мова – гэта пытанне сацыяльнай лінгвістыкі, але строгі лінгвістычны падыход часта не супадае з тым, як мы карыстаемся гэтым тэрмінам і што ад яго хочам у звычайным маўленні.

У падручніку Н. Б. Мячкоўскай «Сацыяльная лінгвістыка» (1996) няма азначэння роднай мовы, але гэты выраз там сустракаецца, напрыклад, у такім выказванні: «На індывідуальным узроўні тое, якая мова з’яўляецца роднай (матчынай) для канкрэтнага чалавека, залежыць ад...». Тут, відавочна, «матчына» выступае сінонімам «роднай». Але ў іншым месцы бачым: «Чалавек заўсёды ў той ці іншай ступені карыстаецца навыкамі маўлення на роднай (або асноўнай) мове...». Узнікае пытанне: гэтае «або» значыць, што асноўная – сінонім роднай, ці, наадварот, што гэта супрацьпастаўленыя тэрміны? У санкт-пецярбургскім падручніку М. Бахціна і Я. Галаўко ёсць глава «Родная мова, першая мова, матчына мова» (праўда, аб’ёмам усяго ў два абзацы), дзе распавядаецца, што матчына мова – не абавязкова родная, а родная – не абавязкова першая. «Матчына мова – гэта мова маці, якую дзіця засвойвае незаўважна ад нараджэння да пяці-шасці гадоў дзякуючы таму, што пастаянна знаходзіцца побач з маці. Родная мова, як правіла, супадае з матчынай. Аднак у шэрагу выпадкаў людзі могуць называць роднай мову, якой валодаюць дрэнна ці наогул не валодаюць. Першая мова – гэта мова, якую дзіця вывучыла першай. Яна, як правіла, супадае з матчынай, аднак і тут бываюць выпадкі, калі роднай мовай чалавека становіцца не тая, якую ён вывучыў першай».

Адзіны падручнік, які праясняе гэтае пытанне, – гэта падручнік маскоўскіх лінгвістаў У. Белікава і Л. Крысіна «Сацыялінгвістыка» (2001). Там распавядаецца, што родная мова – гэта мова, засвоеная ў дзяцінстве, навыкі карыстання якой у асноўным захоўваюцца і ў дарослым веку. Ці супярэчыць гэта ўяўленням пра тое, якая мова з’яўляецца роднай? Для многіх родная мова – гэта мова этнічная. У паўсядзённым ужытку, публіцыстыцы, а часам і ў навуковых працах гэтае словазлучэнне часта ўжываюць у іншым значэнні: «Нашыя дзеці не разумеюць ані слова на роднай мове», «Гараджане забываюць родную мову». Тут маецца на ўвазе мова, спецыфічная для дадзенага этнасу, то-бок этнічная мова. Усе мы ведаем, што беларускую мову ў побыце часта называюць «родная мова» ці «матчына мова», хоць гэта не адпавядае азначэнню ні матчынай мовы, ні роднай мовы, пададзеных у гэтых падручніках. З гэтым нам даводзіцца жыць і як лінгвістам інтэрпрэтаваць інфармацыю пра тое, якая мова з’яўляецца роднай, матчынай, этнічнай, мовай хатняга ўжытку і гэтак далей.

Лінгвістыка
Сёння
XX стагоддзе