Беларуская готыка ў вершах Янкі Купалы | Wir.by
Трывожны сон пад прыдарожным крыжам у краі груганоў і курганоў.
Чортаў тузін вершаў, у якіх Купалава жалейка збіваецца на безнадзейны блюз.
Беларуская готыка ў вершах Янкі Купалы

Беларуская готыка ў вершах Янкі Купалы

За годам год

За годам год, за родам род,

Што хвалі хмар, што плесні вод,

Па зменах змен, на ўсход, на сход,

За родам род, за годам год.

 

На ўсход, на сход ідзе-брыдзе

У чарах-снах, у злыбядзе...

Канца ні ў чым, канца нідзе,

На ўсход, на сход брыдзе-ідзе.

 

За бытам быт, за стогнам стогн,

За смехам смех, за сконам скон,

За векам век, за звонам звон,

За мглою мгла з усіх старон.

 

Ідзе-брыдзе за следам след,

І ноч, і дзень, і цьма, і свет,

І песні кліч, і смерці цвет,

Ідзе-брыдзе за следам след.

 

За годам год, за родам род,

Што хвалі хмар, што плесні вод,

Па зменах змен, на ўсход, на сход,

Ідзе-брыдзе на быт, на звод...

Чаго хмурыцца?..

Чаго хмурыцца

Неба сіняе?

Чаго носяцца

Віхры дзікія?

 

Чаго шэрыя

Совы ўзгукалісь?

Чаго чорныя

Крукі грагаюць?

 

Чаго гадзіны

Падкалодныя

Шыпяць, сыкаюць

На святое ўсё?

 

Ці та сонейка

Загасілася,

Ці та ўскрылася

Апраметная?

 

Душы сільныя

Абяссілелі,

Сэрцы добрыя

Азвярэліся;

 

Песні вольныя

Апанурылісь

І магільнымі

Звоняць жальбамі.

 

А за песнямі

Звон кайданавы,

Стогн закованых

Разлягаецца...

 

Эх, і страшна ж ты,

Зямля родная;

Эх, і страшна ж ты,

Жыццё людскае!..

Грабар

Ўжо даўно у вялікім у горадзе

Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;

Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам

Долы-сховы сякім і такім.

 

Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, —

Супачынку не знае грабар;

Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах

Сам з рыдлёўкай сваёй — гаспадар.

 

Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца,

Змыюць цела, пакуль прыбяруць,

А ў яго ні з сяго дол і выкапан,

І не змыліцца ў меры нічуць.

 

Як дамоўку спускаюць вяроўкамі...

Ажно дзіў, які важны спачын:

Глыбіня, шырыня дапасованы,

Не дагодзіць так бацьку і сын.

 

А засыпе зямлёй супакойніка,

Які насып удоўжкі і ўзвыш!

І дзярном-дываном бераг высцеле,

І з каменьчыкаў высцеле крыж.

 

Доўга-коратка жыў так — няведама,

Пэўна, жыў, колькі трэ было жыць;

Але вось, як на злосць, і абрыдала

Яму гэтак штодня ямы рыць.

 

Без канца неспакойства штодзённае;

Як на варце, з рыдлёўкаю стой;

Пахаваў, насып даў небарачніку, —

Бач, другі ўжо расстаўся з душой.

 

Каб за раз ад усіх адкараскацца,

Вось тады б то аддыха была!

Песні б пеў, не мадзеў святам, буднямі;

А так — доля не тое дала:

 

Мрэ адзін, а ўсё з ім не ўмяншаецца;

На яго месца родзіцца пяць...

Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю

Той грабар і штось выдумаў, знаць.

 

Ён рыдлёўку сваю жалязяную

Кавалю пацягнуў, паказаў;

Як змяю, так сваю землякопніцу,

Насталіць, натачыць прыказаў.

 

І давай ён тады дзіву дзіўную

Апраметна капаць глыбіну,

А ўсё так, не ’бы як, не спыняючысь,

Верне брылы адну на адну.

 

Хто спытае: каму? — не адказвае,

Адно толькі ямчэй капане;

Аб нічым аб другім і не ўздумае,

Думку звёў аб ядзе і аб сне.

 

Рые тыдзень, другі; яма большыцца;

Ўжо кладзе за адкосам адкос;

Дол глыбок, і пясок над магілінай,

Як і глыб, — гэтак высака ўзрос.

 

Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,

Ўжо работы ўсяго на паўдня;

Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму...

Не стрывала матуля-зямля:

 

Ў яму рухнула зверху, хаваючы

Грабара і яго працу ўсю...

Але што ж? Для каго ж дол быў копаны?

...................................................................

Грабар яму ўсяму рыў Жыццю!

Мой дом

Мой дом — прыволле звёзднай далі,

Арламі мераны абшар,

Дзе бітвы точаць ветраў хвалі

З сям’ёй глухіх калматых хмар.

 

Мой дом — амшалай пушчы сховы,

Сяліба ясеняў, сасон,

Дзе смех русалчын, лесуновы

Палошыць вечна-цяглы сон.

 

*

Мой дом — пясчаныя разлогі,

Пакута сцюжы і спякот,

Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,

Аздобай цвет — чырвоны пот.

 

*

Мой дом — узмежных зёлак восці,

З сухой асінаю курган,

Дзе тлеюць прадзедавы косці,

Дзе плача ночка ды туман.

Спека

Прыскам пылае і жарам,

Жарам дрыжыць, зіхаціць,

Як бы свет вечным пажарам

Хоча абняць і спаліць.

 

Звугліла высі-загоны,

Звугліла долы-лагі,

Завалакла лес зялёны

Ў чорныя дыму кругі.

 

Сцежкі заслала агніцай —

Белым пякучым пяском,

Выссала рэчкі-крыніцы,

Ў дно іх зірнула агнём.

 

Саванам бледна-замглёным

Свету душу спавіла,

Потам крывава-чырвоным

Вочы зямлі заліла.

 

Крык-жальба вырвецца з губаў

К сонцу з плакучых грудзей, —

Сонца зіяе загубай,

Сонца смяецца, як змей.

Грай жа, музыка...

Цёпла, спакойна, цёпла і сыта

Ў хорамах ясных вам век векаваць...

Поўны аруды буйнага жыта;

Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..

 

Грай жа, музыка, сэрцам рві струны...

Не пажалеюць заплаты табе!..

Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?

Весела грай, як віхуры ў кляцьбе...

 

Шумна, разгульна... Чым не бяседа?!

Пеніцца ў чарках крывава віно...

Кроўю гулялі прадзеды, дзеды, —

Сыну і ўнуку падаўна дано...

 

Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі

Так, як там рэжа аслепленых кат...

Прэч, прэч, сумленне! Золата ў гулі!..

Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..

 

Светла, прасторна... Ззяюць брыльянты...

Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў акне?

Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!

Нашы асіны! Хай толькі чапне...

 

Грай жа, музыка, каб і ў магілах

Голас уцешны пачулі з зямлі, —

Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых

Косці паўсталі і ў танец пайшлі.

 

Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..

Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з акон.

Ах! Гэта вёска свеціць пажарам...

Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..

 

Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..

Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?

Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца...

Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..

Смейся!..

Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць,

Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся!

Можаш сэрца рваць, выці і клікаць, —

Можаш з сэрца свайго молат выкуць,

Толькі ўдарыць не смей ім, а смейся!

 

Смейся смехам-сычэннем праз скрогат

Перадсмертны зубоў і рассейся

Ў гразь жыцця, ў пекла Дантава рогат!

Каб аж косці ўстрасаў дзікі дрогат, —

На пацеху сляпой дзічы, смейся!

 

*

Вырывай з сябе жылу па жыле,

Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесся,

І, пакуль у зямлю не зарылі,

Хоць дух будзе шыпець у бяссіллі, —

На сваіх вісі жылах і смейся!

 

Смейся смехам-скавытам вядзьмачым,

У віхровым пасвісце развейся,

І над светам раз’юшаным, спячым,

Над жывымі трупамі і плачам

Ты лунай, вочы рві сабе... й смейся!

 

*

Ха-ха-ха-ха! Душу сваю выні,

Палажы на далонь і надзейся,

Што павераць табе, што не згіне

Ўся прысяга твая ў чорнай ціне

Перасудаў людскіх... Ха-ха! Смейся!

 

Смейся смехам — хрыпеннем быдляці

З перарэзаным горлам, і грэйся

Ў гэтым храпе скрозь стогн і пракляцце,

І не важся да сэрца ўздыхаці,

Ласкі ждаць... Хоць крывёю, а смейся!

Сярод магіл

Сярод магіл, на плечы ўзняўшы крыж свой, стану,

Як пасланец з магіл ад спячых там прарокаў,

І ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,

І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.

 

І кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,

Як віхраў лёт па ўсёй бязмежнасці шырокай,

Кліч заклінанне векавечнага зароку,

Што ў гуслях толькі дрэмле, ў песню ўчараваны.

 

Прадсмертнаю кляцьбой канаючага раба,

Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,

Звярнуўся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.

 

Хай спаліць мне душу, як ствол разбіты граба,

Хай вочы высмаліць, як кветку ў лільі слабай,

Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!

Забытая карчма

Павыбіты вокны, сарвана страха,

Паўлазілі ў гліну вуглы,

Абдымлены комін тырчыць, як вяха,

Як здань, вызірае з імглы.

 

Стаіць, як абскубаны зверам шкілет,

Забытая светам карчма,

Начніцы пяюць ёй магільны прывет,

Галубіць пракляццямі цьма.

 

Разбітая напал калісь перуном,

Асіна ўздыхае над ёй,

Калыша, матае кастыльным галлём,

Шыпіць, уздыхае змяёй.

 

Як вісельнік, звісла галіна адна,

Бы цэпам, калоціць камель,

І сведчыць, што некалі, вельмі здаўна,

На гэтай галіне...

Як шмель,

 

Шумела, гудзела карчма усю ноч,

Музыка рваў струны і смык;

Бяда і нуда адыходзілі проч, —

Рашаў гаспадарку мужык.

 

Вось поўнач... Звон чарак... Смех, крыкі, кляцьба.

Не сцяміш, дзе свой, дзе чужы...

Гахх!.. цвякнуў тапор... Міг, знямела гульба...

Ляжыць труп, як крыж на мяжы...

 

— Мярцвяк!! — загудзеў разбуялы народ

І рынуў з святліцы пад тын...

— Дзе ўбіўца?.. На горкай асіне, бы кнот,

Хістаўся нябожчыкаў сын...

 

Мінула гулянка... Замёрла жыццё...

Канае карчма у журбе;

Навокала блудзіць зданнё, страхаццё,

Па шчылінах вецер скрабе.

 

І толькі у поўнач адзін раз у год

Карчма ажывае на міг:

Музыка іграе, гамоніць народ,

Кружыць за кяліхам кяліх.

 

І ў саму гульню, наганяючы жах,

З’яўляюцца госці туды:

Стары — з тапаром у кастлявых грудзях,

На шыі з пятлёй — малады...

Паязджане

Распаўзлася па абшары

Сцюжным пухам, сцюжнай марай

Папаўзуха-завіруха —

Злога духа злыбядуха.

 

Ў полі дымна, ў полі цёмна,

Беспатольна і заломна,

Ні пуціны, ні упыння,

Як у вечнай дамавіне.

 

Як у моры, ў белым снегу,

Без днявання, без начлегу,

Ў бездарожжа, ў беспрыстанне

Едуць, едуць паязджане.

 

Едуць, едуць, ані следу,

Ні праслуху, ні прагледу,

Ні прасвету, ні надзеі, —

Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.

 

Папаўзуха-завіруха

Шэпча, шэпча штось да вуха

Аб музыцы-дудаграі,

Аб пшанічным караваі.

 

Снежным надзячы начлегам,

Пасыпае сном і снегам,

Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,

Зазірае патарочай.

 

Маладога к маладусе,

Свата к свацці-пасядусе,

Да закосніцы закосню

Жах прытульна прыкаросніў.

 

Прытуліліся, як дзеці,

Як галубкі на рассвеце,

Як нішто ні знаць, ні ведаць,

І ўсё едуць, едуць, едуць.

 

А над імі збеядуха,

Папаўзуха-завіруха,

Снежнай хустаючы вехай,

Захліпаецца ад смеху.

Рунь

Абходзіў зважна гаспадар

Свае абсеяныя межы,

Глядзеў, ці добра Божы дар

На свет зірнуў з зямелькі свежай.

 

На небе воблачная сінь

Лягла пасцілкаю махнатай,

А на зямлі, дзе вокам кінь,

Цвіце, рунее рунь багата.

 

Над ёй круг сонца залаты

Плыўнём плыве, палае, йскрыцца,

За ёй, трывожачы кусты,

Бурліць, плюскочыцца крыніца.

 

На ўзмежку, збыўшыся кары,

Тырчыць ігруша, як сухотнік,

Над грушай ястраб угары

Цікуе кінуты заплотнік.

 

Як вучыць нас варожбаў лунь,

Як варажыў і летась гэтак, —

Лёг гаспадар плашмя на рунь,

Стаў слухаць сёлета палетак.

 

Абняўшы рунь, ляжыць, як сноп,

Жывых і мёртвых вызваў ў сведкі,

Прысмерціў сэрца, зморшчыў лоб...

І чуе руні шопат гэткі:

 

«Забіў ты бацьку, каб на рот

Адзін паменшала у хаце, —

Прыйшоў твой сёлета чарод,

Жніва табе не дачакаці!»

 

Ўстаў гаспадар! Як дурнап’ян,

Сказ руні раны разварушыў...

Ён, зняўшы пояс-саматкан,

Павіс над руняю на йгрушы.

Як цені

Ідуць народы з лета ў лета

К жыццю, к святлу з бяды, з жуды,

А мы, як цені з таго свету,

Ідзём, не знаючы куды.

 

Ні нас свабода прыгалубе,

Ні доля весела зірне;

Паўзём і стогнем у загубе

З ярмом на шыі, ў вечным сне.

 

Не на пацеху дзеці даны

Матулі, што іх сцеражэ, —

Усё адно сусед паганы

У плуг жалезны запражэ.

 

Не на прыбытак сеем нівы

І паліваем потам іх,

Нахлынуць трутні пражарлівы,

І мы не ўбачым жніў сваіх.

 

Пад непрагляднай марай ночы

Нам не дабачыць нашых крыўд.

На свет падняць баімся вочы,

Сабе сам кожны ўжо абрыд.

 

Як мы жывём, чаго чакаем, —

Не знаем мы, не знае свет;

Не то ўжо мром, не то ўскрасаем,

Змагчы не ў сілах мук і бед.

 

Зайграе шумам лес зялёны,

Аб хвойку хвойка затрашчыць,

І пойдзе шум той к небасклону,

А неба каменем маўчыць.

 

Маўчым і мы і, як сляпыя,

Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,

Адно віхор падчас завые

Ды змей прамкнецца там і тут.

 

На курганах засвецяць росы —

Крывавы росы — сведкі мук...

А ў хатах спяць цапы і косы —

Усё чакаюць ёмкіх рук.

На нашым...

На нашым полі

Растуць бадылі, —

Ніхто іх не поле,

Не вырве з зямлі.

 

Над нашай нівай

Крумцяць груганы, —

Ніхто ў іх шчаслівай

Не пусціць стралы.

 

На нашым лузе

Гадзюкі шыпяць, —

Ніхто іх не хлудзіць,

Не гоніць у гаць.

 

У пушчы ў нашай

Заводзяць звяры, —

Ніхто іх не страша,

Не гоне ў нары.

 

На нашым шляху

Калдобінаў цьма, —

З нягоды ці страху —

Раўняць сіл няма.

 

У нашай хаце

Тчэ кросны павук,

А вонкі пагнаці

Не знойдзецца рук.

 

У нашым краі

Пануе чужак,

Ніхто не парае,

Пазбыціся як.

Літаратура
Паэзія
Беларусь
Янка Купала