31 ліпеня 1583, Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» | Wir.by

31 ліпеня 1583

Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка»

Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка»

Як толькі паўночны вецер аціх, я, забраўшы патрэбнае, паплыў на джэрму, у якую селі мы на самым світанні. Але ў ей люду вельмі шмат было, якога бяспечна ўтрымаць не магла, а яе толькі сабе я наняў, дык араб марак іх павыганяў, і, як развіднела, мы выплылі у мора. Тым часам моцны вецер, сярэдні між заходнім і паўночным (валохі называюць яго панэнтэ маэстра), узняўся збоку, дзеля якога (бо інакш нельга было) скіраваліся мы да Кіпра і шэсць гадзін ніякай зямлі болей не бачылі. Узяў я быў з сабою з Трыполя маўра аднаго за тлумача ды наняў таксама аднаго янычара, дык было нас у судзіне каля сарака. Цяжкі то быў у нас дзень і дзеля ветру, і дзеля вяровак, з лазы дрэва дактыльнага кручаных. якія вадою морскай аблітыя, смярдзелі нясцерпна, дзеля чаго мы і той і другі дзень мусілі хустку ў воцаце змочаную трымаць няспынна пры носе, нават калі спалі. Усю ноч вецер той дзьмуў, яшчэ і назаўтра цэлую раніцу.