3 верасня 1965, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

3 верасня 1965

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Сённяшні дзень пачаўся страхалюдна. Страшная думка аб дарэмнасці ўсяго, што робіш. І поўная марнасць жыцця ўвогуле: заблытаўся, няма мэты, нічога не раблю, а і пачну рабіць – сэнсу не больш, чым у лайдацтве. Вось 1-га напісаў "Бахайскую чарапаху" і "Легкаважную песеньку" – ну і што?!

Няма жонкі, ачуваю патрэбу ажаніцца як мага хутчэй – жанчыны такой, здаецца, няма, хоць я, можа, і памыляюся. Ну і г.д.

Пайшоў на працу. Адзін. Атрымаў лісты, на рабоце вычытаў артыкул. І дадому. І тут жыцё паднесла мне адзін са сваіх шматлікіх сюрпрызаў. Празрысты, усеразумеючы і ўсепранікальны настрой. Як у эпілептыка перад прыпадкам. Стала да таго светла – нельга зразумець, чаму, - нібыта малы ўваходзіш раніцаю ў росны сад.

Хлопцы былі дома. А мы задзілі па горадзе. Салюты грымеў над караблямі. Навальніца насоўвалася, і ў адказ ракетам успыхвалі зарніцы. А які да гэтага быў захад, якія вежы хмар на барве, і ўсё гэта над агнямі караблёў. 4 перавернутыя птушкі, малая трапецыя, вялікая і выразная трапецыя, трохкутнік і зноў перавернутыя птушкі.

І якое было потым шаленства агню. Зоры, патокі, у якія яны яны часам рассыпаюцца; ракеты, што падаюць у ваду і гараць пад ёй, як водбліск фараў "Наўцілуса". Дымныя смерчы, якія сплятаюцца ў кроны дзівосных дрэў, у пераблытаныя сцябліны імху, у бог ведае што яшчэ.

Шмат будзе яшчэ такіх дзён. А сум? Што ж, пэўна, ён таму, што жыццё, як вада, цячэ праз пальцы.

А яно не цячэ. Яно патроху ўсё ж асядае пясчынкай вапняку, будуе свой сталактыт. Дась Бог – збудуе.