9 мая 1942, Іван Мележ | Wir.by

9 мая 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Апошнія гадзіны ў Каменску. У адзінаццаць раніцы мы паедзем.

Усё гатова да ад'езду. У маім пакойчыку сумна. Ложак голы, кнігі раскіданы; усё неабходнае складзена ў рэчмяшок. Запіскі падраны, дробныя шматкі ix валяюцца ля этажэркі. Бывай, Каменск! Добрыя ўспаміны павязу я на фронт пра цябе — пра твае сонечныя вуліцы, пра Данец, пра маіх сяброў... Смірноў, Саседка, Кірычэнка, Выстаўкін паехалі дамоў — у адпачынак...

На станцыю прыйшлі пасля другога званка. Не паспелі сесці — поезд крануўся. Я паціснуў руку Красніцкаму i на хаду ўскочыў на падножку. Адыходзяць назад Спартак, Красніцкі,— махаючы рукамi, — станцыя, склады. Вось ужо за акном праплывае стэп, сіні ля гарызонта, срабрыстая гладзь Данца, белыя дамкі на тым беразе. Колькі разоў я, бывала, любаваўся імі! Цяпер я ў апошні раз гляджу на ix, i сэрца сціскае ад гэтай думкі. Вось у першым акне праплывае поле, дзе праходзілі заняткі па тактыцы...

Бывай, Каменск! Поезд усё далей i далей нясе нас на захад.