20 мая 1942
Іван Мележ
Зноў Чырвоны Ліман. Таксама, як і раней, з-за ракі, з боку Маякаў, прылятаюць нямецкія снарады. Учора ўночы некалькі снарадаў упала ў цэнтры, у гарадскім садзе. На вуліцах — чэргі ля магазінаў, жанчыны ў прывабным майскім адзенні. Цяпер Ліман па-майску ззяе сонцам. Яго шматлікія вуліцы тонуць у зеляніне. Вокны расчынены, у ix плыве шум маладых бярозак. Я быў у доме, дзе мы, дзядоўцы, начавалі пасля пераезду з-пад Растова. Гаспадыня сказала, што таварышы мае паехалі адсюль усяго які ж месяц назад, доўга стаялі побач — у Бандышаве. Цяпер яны далёка. Прыслалі ліст, у кутку паведамілі, што стаяць у Краснапаўлаўцы — за 70 кіламетраў ад Харкава. Усе жывыя, акрамя аднаго, які загінуў ад бамбёжкі — гэта ў штабной. Вось усё, што яна ведала.
Франтавікі паведамілі нядобрыя весткi. Становішча вельмі трывожнае. За два дні, з 17 мая, нечаканым, моцным ударам немцы выбілі нашы войскі з ix пазіцый i адцяснілі на левы бераг Данца.
Хрысцішча, Голая Даліна, Чаркаскае, Адамаўка, Багародзічна i іншыя сёлы, за якія мы столькі пралілі крыві. ў зімніх баях, зноў заняты немцамі. Адышлі нашы войскі i ў раёне Славянска. Немец працягвае цясніць нашы часці. Б. пакінута намі. Баі ідуць на подступах да Ізюма. Усё гэта чуткі, але яны ўпарта паўтараюцца i прымушаюць верыць у ix. Падобна на тое, што i мой сямідзесяты ўдзельнічаў у баях на харкаўскім напрамку. I, відаць, як ні горка верыць,— застаўся ў акружэнні. У кальцы... Кажуць, што такіх бязлітасных баёў, як гэтыя, даўно не бачылі. За 40 км было відаць безупыннае зарыва артылерыйскіх разрываў, яно пачалося ў 1 гадзіну ночы i не знікала да
світання. Самалёты пікіравалі на нашы войскі вялікімі групамі.
Гэтыя баі паказалі, што барацьба будзе лютая. I ўсё ж я ўпэўнены — тое, што было ўлетку мінулага года, прайшло i больш ніколі не вернецца.