15 мая 1942
Іван Мележ
З фронту паведамляюць — пачалося наступленне нашых войск на Харкаўскім напрамку. Ля гучнагаварыцелей на вуліцы збіраюцца натоўпы, узрушана абмяркоўваюць зводку. «У Керчы цяжка».— «Затое на Харкаўскім справы ідуць цудоўна!» — «Да, гэта не мінулы год!»
Нехта задуменна прамовіў: «Пачалося!» Так, пачалося. Пачалася веснавая схватка, не на жыццё — на смерць. Запомнім, гэта — пачатак.
...Мы жывём па-ранейшаму. У шэсць устаем, збіраемся на паверку, удзень бадзяемся па горадзе. У 10 вечара ўсё змаўкае. Хадзіць увечары забаронена. Толькі патрулі крочаць па вуліцах ды пражэктар рассякае, бы нажом, цемнату неба.