7 красавіка 1942
Максім Танк
Развітаўся з Максімкам, з гаспадыняй, а Любаша праводзіла мяне аж да цягніка. Не ведаю, як яны будуць тут жыць, бо грошы, якія напярэдадні вайны атрымаў за сцэнарый сваёй «Нарачы», амаль кончыліся, а таго, што атрымлівае па майму атэстату, зараз ледзь хапае на хлеб і малако для малыша, літр якога каштуе больш 30 рублёў. Можа, варта было і Любашы з Максімкам пераехаць у Уральск, дзе знаходзіцца наш тэатр і жывуць сем’і многіх нашых пісьменнікаў. У сваім калектыве лягчэй было б у гэтыя цяжкія часы. Можа. На станцыі Рцішчава ўдалося купіць кавалак хлеба і некалькі цыбулін, якімі падзяліўся са сваім суседам па купэ. Чамусьці цягнік наш далей не пайшоў, і да Пензы мы даехалі на платформе, загружанай нейкім жалезным ломам і дошкамі. Калі даведаліся, што і гэты цягнік далей не пойдзе, каб не мерзнуць на пустой станцыі, пехатой пайшлі да Рузаеўкі.