13 студзеня 1942, Іван Мележ | Wir.by

13 студзеня 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Другія суткі стаім у Радакава. Увесь час праходзяць міма эшалоны, гружаныя танкамі, гарматамі, цяплушкі з людзьмі. Ідуць i ідуць эшалоны на фронт. На станцыі тоўпяцца людзі. Плакаты: «Все в помощь фронту!» У залах цёмна i пуста. Буфет не працуе. Магазін чарнее разбітымі вокнамі. Схаваўшы пад палой буханку хлеба, крадком праходзіць ля эшалона жанчына. Мяняе на пачак махоркі. Жанчыны расчышчаюць пуць. Мы ў тыле. Зноў пачынаюць патроху «падціскаць». Увечары, вярнуўшыся з нарады, палітрук патрабуе, каб усе хадзілі падцягнутыя, запраўленыя, забараніў выходзіць з вагона без дазволу старэйшага па вагону. Здорава пападае за «мат», які ўжо «працвітае». Гэта добра, народ вельмі ж ужо распусціўся.