1 июня 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

1 июня 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

З самага рання 18 градусаў. Ані хмурынкі. Хадзіў у Дом кнігі, уладкаваў справы. Вярнуўся — хадзілі з Валяй на «Бітву за Рым». Лухта, але якое відовішча! Пасля выносіў смецце і заседзеўся на суседнім дворыку. Зелена і цень, трапечуць пад моцным ветрам ліпы і акацыі (таму і не горача), а ўнізе боская цішыня. Трава гусцейшая, лопух, белы россып глухой крапівы, чарнабылле, а пасярэдзіне цвіце раскашнейшы куст «разбітага сэрца». І цвіце ўжо недзе з 10 мая (у Лагойску перад магазінам тады бачыў), пяшчотна-ружовы, добры.

І кроплі расы звісаюць з кожнай кветкі, улюбёнай па ўспамінах дзяцінства.