15 августа 1942, Иван Мележ | Wir.by

15 августа 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

Побач ca мной ляжыць чалавек з Украіны. Яго прывезлі трохі пазней нас, ложак дадаткова ўнеслі, паставілі пры акне. У яго не раненне, а нейкая дзіўная, нябачаная хвароба ў пальцы — «панарыцый». [...] Ён быў у абозе. Ён самы стары з нас, яму ўжо, па-мойму, гадоў, напэўна, пяцьдзесят. Па цэлых днях ён сядзіць на ложку з выцягнутай рукой. Нікуды не ходзіць, гадзінамі маўчыць, усё думае. A калі гаворыць, то аб адным — аб жонцы, аб дзецях, аб гаспадарцы i аб тым, які ў яго добры сад. Найлепшыя ў свеце яблыкі. Успамінае з пяшчотай, як ездзіў на кірмаш у мірны час.

Мне здаецца, у нашым становішчы асабліва цяжка вось такім, пажылым, жанатым. Прозвішча яго — Пісарэнка, i родам ён з-пад Кіева. Там, пад Кіевам, у сяле, сям'я, i цяпер ён мучыцца яе лёсам.

Тут ёсць яшчэ адзін украінец, малады, здаровы хлопец. Светлавалосы, з ласкавай усмешкай, адчуваецца, лагодны. Вельмі сціплы. Хлопец як хлопец. Але часам ён спявае, ляжыць i спявае для сябе. Нібыта марнуючы час. Асабліва часта адну, якая бярэ за душу: «Тыхій Дунай, тыхій Дунай бэрэжэчкі зносыць, малады жоўнер, малады жоўнер атамана просыць. Атаманэ, рідный братэ, отпусты додому, бо ўжэ скучылась, бо ўжэ смучылась дзівчына за мною». «Отпустыў бы, козачэнько, та ты доўга будэш. Напыйсь воды холодной, про любов забудэш».

Мне яны — адсюль, з Каўказа,— здаюцца землякамі: Кіеў як бы зусім побач там з намі, i яны ўсё настройваюць мяне на думкі аб доме. Трывожаць сэрца.

Што там, у далёкай «заграніцы»?