16 января 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

16 января 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Прызнак спеласці нацыі, калі яна можа ўжо адмовіцца ад двухсотгадовай хрэстаматыйнай легенды пра сваіх герояў, легенды, ад якой ужо бляваць хочацца, і мае смеласць, не баіцца сказаць пра іх праўду ў вочы. Вось кепскі военаначальнік Вашынгтон, вось Джэферсан, які піша «Дэкларацыю правоў чалавека», адзін з лепшых дакументаў чалавечай гісторыі, ведучы гаспадарку (і не ўяўляючы яе іншай), будуючы яе на працы чорных рабоў. Здзівіўся б, каб яму сказалі, што гэта палавінчатасць і крывадушнасць. Ну так, такія яны былі. А я, скажам, ведаючы шмат праўды аб дзеячах некаторых нашага адраджэння, не маю права гаварыць яе, бо мы не даспелі, бо я магу спаскудзіць высокую справу, якую яны, нягледзячы ні на што, рабілі, часта цаной жыцця і пасмяротнага дзярма, вылітага на іх магілы.

Горш таго, не маю права, бо сумленныя людзі палічаць, што я змыкаюся з Бэндамі (па-латышску «кат»), Абэцэдарскімі, скажальнікамі і перакручвальнікамі праўды і гісторыі, з пяткалізамі ўсіх масцяў.

Скажуць, што я раблю гэта з выгады, з угодніцтва перад сільнымі, чаго я ніколі не рабіў і чым усё жыццё пагарджаў.

Рана, няўчасна. Дайце юнаку вырасці і не баяцца самай жорсткай праўды пра сябе.