20 апреля 1966
Владимир Короткевич
Сёння, 20-га, устаў рана, нечувана свежы і здаровы. Сонца ў лёгкіх ценях, цеплыня, пупышкі сталі вялікія. Нясецца кумканне жаб ці то з Дняпра, ці то ад нізіннага, залітага вадою горада непадалёк. Схадзіў у горад, пастрыгся і, заадно, пагаліўся, схадзіў у РДК наконт нарыса аб народным тэатры і сустрэў там такі бардак, што не прапясочыць іх – гэта ўжо дудкі. Па дарозе назад абдумаў ідэю "Чурлёніса". Прыйшоў дахаты, капаў канаўкі для падкормкі вінаграду. Шмат зрабіў. Скончу вось запіс і, можа, гной насіць буду, а тое пачытаю на сонцы, калі дасць зрабіць гэты мярзотнік, тоўстая качулка, мардан Дзік, Альмін сын, бацькі ж імя – ты, Пане Божа, вясі. Больш сімпатычнай тварыны нельга знайсці на свеце. І больш надаеднай. На ўсіх чаравіках у доме заблытаў шнуркі, нарабіў марскіх вузлоў.