28 декабря 1953
Максим Танк
Пачаўся пленум нашага СП, на які прыехалі з Масквы: Ісакоўскі, Суркоў, Мазалькоў, Піменаў. З дакладам выступіў А. Макаёнак. Вечарам зайшоў да нас М. Засім. Напіўся, чорт! Пазычыў сто рублёў і, здаецца, пайшоў да Я. Брыля. Пісанне даецца яму цяжка. Амаль кожны верш дапрацоўваем, шліфуем у рэдакцыі. Засеў пісаць навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы. А гэта Я. Коласу:
Паколькі настала з снягамі зіма,
А ў доме яшчэ тэлефона няма,
У светлае ў навагодняе ранне
Фотатэлеграмнае шлю прывітанне.
Жадаю ад сэрца здароўя і сілы,
Каб з чаркаю, а не з лякарствам дружылі,
I так, як у песні, якую Вы пелі,
Гадоў не лічылі Вы і не старэлі.