7 декабря 1941, Иван Мележ | Wir.by

7 декабря 1941

Иван Мележ

Иван Мележ

Я вельмі люблю песні. Калі ў ветраную халодную ноч мы паўзем па дарогах вайны, мармычу песню. Яна дапамагае пераадолець дрыжанне, яна сагравае. Калі становіцца цяжка i сумна, прыходзіць зноў песня. У песні цёплыя ласкавыя ўспаміны мінулага i светлыя надзеі будучыні. Кожная песня — успамін, агеньчык. «Тучи над городом» — i ўспамінаецца Мазыр, чыстае, шчырае каханне, ласкавыя позіркі.

«Ночь светла» — гэта голас з роднай вёскі, дзе маці, бацька, мае каханне, першае каханне. Прыемна спяваць песню, ціха, цешачыся мараю, расцягваючы з асалодай словы, i думаць ціха разам... Я люблю песні за тое, што яны заўсёды ca мной, як самыя верныя сябры, у самую сцюжу, па адзіноце — усюды. Што насіць салдату — яму можна мець толькі самае неабходнае, каб нішто не замінала. Песня яму не абцяжыць плечы ў паходах, не трэба яе сцерагчы, яе ніхто не ўкрадзе, яна не згубіцца. Песня — нямногая з радасцей на вайне.