4 августа 1896, Фердинанд Рущиц | Wir.by

4 августа 1896

Фердинанд Рущиц

Фердинанд Рущиц

А 9-й у Кальмары. Гатэль «Swanfeldt» на рынку. Невялікае шведскае мястэчка. Людзі неяк наіўна і з цікавасцю глядзяць на замежніка. Кірха на плошчы нагадвае каталіцкі касцёл. Ратуша - трохпавярховы масіўны будынак. Праз вуліцу каля порта дарога на замак, які ва ўсёй сваёй велічы праглядаецца ўжо з цягніка. Дзіўнае ўражанне робіць гэтая крэпасць тут, над берагам мора, над халоднай ціхай вадой, якая дакладна адлюстроўвае яе. У гэтым ёсць нешта скандынаўскае. Праз дзве-тры брамы ўваходзім на дзядзінец, дзе студня і ўваход у пакоі. Старажытныя муры, пазнейшае толькі аздабленне брамаў, рымскія матывы. Дзе-нідзе пачварныя скрыўлензя галовы нагадваюць, што гэта палац аднаго з германскіх народаў. Маладая дзяўчына, дачка вартаўніка, бландзінка з вялікімі вачыма, яшчэ больш дадае чыста шведскіх адметнасцяў у гэтую карціну. Па нізкіх каменных сходах яна праводзіць нас да вялікай залы, г. зв. «Уніі», дзе арганізавалі нешта накшталт музея кальмарскіх старажытнасцяў.

Праз масток выходзім да гародыка на валах замка. Тут, у гэтай рацыянальна, без лішніх упрыгожанняў збудаванай шведскай крэпасці, з відам на мора з аднаго боку і на ціхі працоўны горад, поўны жыццёвых дробязяў і неабазнаны ў вялікіх узрушэннях, з другога боку, шведская гісторыя здаецца неяк дзіўна зразумелай...