10 ноября 1941, Иван Мележ | Wir.by

10 ноября 1941

Иван Мележ

Иван Мележ

Некалькі слоў пра жанчыну. У нашай батарэі была адзіная ў дывізіёне жанчына — медсястра Рая Я. П-к яе «падчапіў» недзе на дарозе, здаецца, у Акцябрскім. Ён клапатліва бярог яе, вазіў з сабою ў тачанцы, ухутваў, падарыў плашч. Калі станавіліся на прывал, ён шукаў для яе добрую кватэру i сам разам з ёю начаваў. У батарэі яго не бачылі па сутках. Ён казаў, што ў ix нічога, акрамя «дзелавых» адносін, няма. Потым аднойчы капітан Л. аб'явіў, што сястра будзе ўзята з батарэі для абслугоўвання адначасна іншага падраздзялення.

Рая перасела з тачанкі ў «эмачку». У батарэі паяўлялася толькі для таго, каб зрабіць перавязку. П-к напіўся i «пад мухай» хваліўся сваімі перамогамі над дзяўчынай, прычым абліў яе граззю, аблаяў. Мне дзіўнай была гэтая хуткая змена — ад клопату да варожасці. У яго было многа спачуваючых, якія не дабіліся яе ласкі, таму што яна была з усімі аднолькава ласкавая... Хутка Рая пасля перавязак стала праводзіць вечары ў батарэі — чым далей, тым часцей i даўжэй. Над ёй пачалі падсмейвацца, абыходзіцца занадта бесцырымонна. Не магла (ці не хацела) зразумець, што яе «кавалерамі» не кіравала пачуццё кахання ці павагі да жанчыны, а проста жывёльнае жаданне.

Скончылася гэта ўчора тым, што яе раптам знайшлі «звыш штату» i спіхнулі ў іншае падраздзяленне.