8 мая 1966
Владимир Короткевич
… рабілі човен, але я амаль не дапамагаў. Пісаў, закінуўшы ўсё астатняе. Амаль цэлы дзень быў галодны. Не хацелася есці самому, а яны вырашылі скончыць усю драўляную работу. І скончылі. Засталося заканапаціць, засмаліць, зрабіць "буфет", матор паставіць і лаўкі зрабіць.
Вечарам абмывалі канец працы пад вяндліну, халаднік і тушаную цяляціну з бульбай. І такія там размовы ішлі аб старых знаёмых, хутаранах, сваяках і сябрах па кавалерскіх гулянках і паляваннях – любата. Пасля гастранамічную размову завялі. Столькі было выказана рэцэптаў – можна было б чвэрць кухарскай кнігі напісаць. І, як ні дзіўна, было гэта вельмі цікава, бо падмацоўвалася выпадкамі з жыцця, паралелямі, анекдотамі, якія здарыліся з вынаходцамі або аматарамі таго ці іншага халадніку, смажанага зайца, вэнджанай рыбы і г.д.