27 февраля 1982
Владимир Короткевич
15.00. Марыя Іванаўна Канстанцінава прыслала з Масквы мноства ракушак, марскіх яжоў, марскіх грабеньчыкаў. Сапраўднае свята! Зноў работа «насмарку», сяджу і разглядаю, і на мора захацелася – смерць мая. Марскі вожык-«мышаня», вожык-«кветка», вожык-«долар». Грабеньчыкі перламутравыя, грабеньчыкі на ўсе колеры вясёлкі, зеленаватыя шарыкі – шкілецікі марскіх вожыкаў, грабеньчык «дзень і ноч» з Кітайскага мора (адна створка шакаладная, як тамтэйшая ноч, другая – белая, як сонца на сляпуча-белым танюткім пяску). І «кауры», грошы Палінезіі. Усё ж не зводзіцца на зямлі наша племя, у якіх карані ў зямлі, а галіны ў моры, якое ўсім належыць, без рас і нацый. Сустрэнемся выпадкова, і жыць лягчэй, бо ўсё гэта вакол створана нездарма, з мэтай. Нават гадаўё… Не, сёння свята. І лёд на вокнах растаў.