2 сентября 1942, Иван Мележ | Wir.by

2 сентября 1942

Иван Мележ

Иван Мележ

У ранішняй зводцы — усё тое ж: лютыя баі ў Сталінградзе. Нашы адбіваюць атакі праціўніка. На іншых франтах — без змен.

Удзень я стаяў у калідоры, падышла В. Р., спытала: чаму я сумую, нікуды не хаджу? Сказаў, што — хаджу, гуляю. Яна сказала, што яна гаворыць не пра тое: не пра тое, што я не хаджу гуляць на двор, а не хаджу ў горад. Яна раптам мне прапанавала: хочаш, я табе прынясу касцюм? Я збянтэжыўся, адмовіўся, але яна заявіла тонам цвёрдым, як старэйшая: нічога, я прынясу заўтра.

Я сёння многа думаю аб ёй. Яна старэйшая за мяне, ёй ужо больш за дваццаць пяць, i яна, кажуць, была замужам. Але муж яе загінуў ці, мажа быць, прапаў без вестак. I хоць яна сама вайну не бачыла, сапраўдную вайну, i ў гэтых адносінах уступае мне, але ў жыцці яна, мне здаецца, разумее многа. Яна быццам увесь час нешта тоіць.

Да яе не адзін ужо спрабаваў падкаціцца. Але без поспеху. Хоць з выгляду яна быццам i не строгая.

Не ведаю, што азначае гэта яе размова. Але мяне яна ўсхвалявала, i я думаю аб ёй.