30 апреля 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

30 апреля 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Цёпла, сонечна, страшна хочацца ў лес або хаця на вуліцу. Што за няшчасны лёс. Усю восень, усю зіму працуеш, а ўвесну навальвае працы зусім неўпрадых. Не бачыш кожны раз, як цвіце арэшнік. І менавіта тады кожнаму да цябе справа (усе падцягваюць канцы перад летам); кожны вые: «Ты ведаеш, памажы». А архівы і бібліятэкі нашто? А даведнікі? Не, там цяжка. І выглядай ім, што Сікст «Сіксцінскай мадонны», афінянін, быў страчаны пры імператару Валерыю і г. д. А то раптам (жонка Данілы Міцкевіча) серыя пытанняў, ды з такіх розных галін! Ну, думаю, вырашаюць нейкае дужа складанае навуковае пытанне. Не, вырашалі дужа складаныы красворд. Звярталіся па дапамогу да ўсязнайкі. А, каб ім! Я Данілу да-аў-такі заўвагу. Але дзень усё адно сапсуты. А то пытанні Люські: чаму ў таго ж Сікста шэсць пальцаў? Я – і, па-мойму, ніхто – гэтага не заўважаў, а лезеш правяраць.