17 февраля 1982
Владимир Короткевич
Нейкае незразумелае сонца. У паветры і ў небе імгла. Тэмпература швэндаецца недзе ў межах мінус пяці, але пры гэтым рэзкі, дужа свежы вецер. Метро гэтае вылезе бокам: нармальнага руху няма, маршруты мяняюцца кожны дзень, забіваюцца нейкія трубы, а з іншых, адведзены аднекуль з-пад зямлі, гарыць газ. Гразь. Мінск, па-мойму, самы чысты горад краіны, стаў самым гразным, і немаведама, ці вернецца ён пасля гэтага ералашу ў норму (у нас гэта часта бывае так). Стукоча, грукоча, нясе пыл.
Мінулае наша – самае песімістычнае ў свеце, многае ў сучасным не дае падстаў для аптымізму. Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым: «Калі ўжо наша мінулае з намі нічога не зрабіла, значыць, і будучыня нам па плячы».