8 августа 1944, Кузьма Чорный | Wir.by

8 августа 1944

Кузьма Чорный

Кузьма Чорный

Колькі чаго парабілася за месяц! Ужо і ў Менск незадоўга. Можа, ужо будзе свой сталы прытулак, і, можа, мне суджана яшчэ пабачыць мілыя Цімкавічы. А што, калі і хата мая асталася і стаіць? Гэта будзе вялікае шчасце. Там жа, у ціхім жыцці можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы.

Прыязджала з Менска Хайноўская. Яна асталася такая ж мілая, разумная і практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё ўмее і можа зрабіць і ўсё ацаніць праўдзіва. Яна казала: «Адна з вашых сёстраў увосень сорак першага году прыязджала ў Менск шукаць вас». Анюта гэта ці Маша? Мілая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як маці. У часы ўсіх маіх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна і Рэня10 - самыя мне блізкія. Калі жыва яна цяпер і здарова! Ужо больш як месяц ніяк не магу напасці на яе след. Апошнія дні вельмі трывожыўся аб гэтым. Зімою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пісаў пра яе ў дзённіку.