3 марта 1982, Владимир Короткевич | Wir.by

3 марта 1982

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Ранняй раніцай быў нуль, удзень нешта плюсавое, зараз падмарожвае. Увесь дзень ліло, ляскала з дахаў. Гніль і кашмар. Раніцай ездзіў на Камароўку, купіў мяса, рабіць паляндвіцы. Вось чым даводзіцца займацца. А на самай справе ніякае мне мяса, патрэбна мне было несалонае сала для сініц. Бо ўчора здарылася дзіва: ніколі б не паверыў, што такія слабенькія могуць – усім гамузам – і вельмі асцярожна, без крыку, каб не звяртаць на сябе ўвагу, сцягнуць з кармушкі кавалак сала шырынёю амаль з маю далонь, таўшчынёю пальцы ў два (памыліўся, дзіркі ў кармушцы зрабіў завялікія) і даўжынёю сантыметраў у 20 (гэта, лічы, грам трыста, а то і болей). Проста ўзвядзенне егіпецкай піраміды. Новы кавалак я прывязаў, хай ядуць на вачах, а тое ж, мабыць, адабраў нехта.