Гісторыя Францыска Скарыны | Wir.by
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час!
6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі.
У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа.
У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Гісторыя Францыска Скарыны

Гісторыя Францыска Скарыны

1485–1490-ыя гады
1485–1490-ыя гады
У полацкага купца Лукі Скарыны і яго жонкі Дамінікі нараджаецца сын Францыск. Дакладная дата нам невядомая, на сёння мы маем ажно пяць версій, калі ж адзначаць народзіны спадара Францыска. Навуковец Мікола Шчакаціхін лічыў, што Францыск Скарына нарадзіўся 6 сакавіка 1486 года, у дзень сонечнага зацьмення. Часта гэта звязваюць з яго выдавецкім знакам, які сустракаецца ў творчасці Скарыны 26 разоў, — на ім выяўлена сонца з паўмесяцам. Аднак гэты сімвал не можа сведчыць пра біяграфію нашага першадрукара, ён з'яўляецца неад'емнай часткай гісторыі еўрапейскага кнігадруку з часоў з'яўлення першых друкаваных кніг, інкунабул. Даследчыкі тлумачаць гэты знак па-рознаму, адно з тлумачэнняў — «сонца маладзіковае» сімвалізуе перавагу Новага запавету над Старым.
Хутчэй за ўсё, прозвішча Скарыны звязана са старажытнаўсходнеславянскім словам «скора», што значыць шкура, футра. Значная частка беларускіх прозвішчаў, што мы сустракаем сёння, узнікла ад назвы прафесіі, якой займаўся чалавек. У часы Вялікага Княства Літоўскага скарынічамі называлі людзей, якія апрацоўвалі шкуру і футра. Існуе думка, што адзін з продкаў Скарыны разбагацеў як рамеснік-скарыніч і пачаў гандляваць. Паступова гэта стала сямейнай справай: дакументы пацвярджаюць, што Лука Скарына і яго старэйшы сын Іван гандлявалі шкурай і футрам.
У Англіі заканчваецца Вайна Пунсовай і Белай ружы. Барталамеу Дыяш дасягае мыса Добрай Надзеі. У Фларэнцыі ўпершыню друкуюцца «Іліяда» і «Адысея» Гамера. Мікеланджэла робіцца вучнем у майстэрні Дамініка Гірландая.
1505 год
1505 год
Францыск Скарына паступае ў Кракаўскі ўніверсітэт, адзін з самых прэстыжных універсітэтаў Еўропы таго часу, на факультэт вольных мастацтваў.
Для навучання там спатрэбіліся б грунтоўныя веды ў розных навуках і валоданне лацінскай мовай. Захаваліся некаторыя звесткі пра школу пры Полацкім кляштары бернардынцаў, дзе якраз выкладаліся багаслоўе, латынь, дакладныя і гуманітарныя навукі. Там мог вучыцца і Францыск Скарына. Акрамя таго, існуюць меркаванні, што падчас навучання ў школе Скарына перайшоў у каталіцтва, што адчыніла перад ім дзверы самых знакамітых і ўплывовых універсітэтаў Еўропы.
Завяршаецца апошняя экспедыцыя Калумба ў Амерыку. Рафаэль пераязджае ў Фларэнцыю. Мікеланджэла прадстаўляе фларэнційскай публіцы «Давіда».
1506 год
1506 год
Скарына паспяхова завяршае вучобу ў Кракаве і атрымлівае ступень бакалаўра вольных мастацтваў.
На факультэце вольных мастацтваў, ці свабодных навук, вывучалася сем дысцыплін, якія яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі былі вельмі важнымі ў адукацыі. Праграма складалася з двух блокаў — ‎«трывіума» і «квадрыума». Граматыка, логіка, рыторыка складалі «трывіум», музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія — навукі, якія ўваходзілі ў «квадрыум».
Ліцвіны перамагаюць крымскіх татар у Клецкай бітве. Жыгімонт І робіцца каралём Рэчы Паспалітай.
1512 год
1512 год
5 лістапада, у пятніцу, згодна з запісамі Падуанскага ўніверсітэта, Францыск Скарына атрымлівае права здаваць экзамен па медыцыне. Іспыт доўжыцца тры дні, і Скарына ў выніку аднадушнага рашэння ўсіх вучоных-экзаменатараў атрымлівае ступень доктара лекарскіх навук.
У Венецыі выдадзеная першая армянская друкаваная кніга. Рафаэль піша «Сіксцінскую Мадонну». Мікеланджэла распісвае Сіксцінскую капэлу. Пачатак руска-літоўскай вайны.
1517 год
1517 год
6 жніўня Францыск Скарына друкуе ў Празе ўласны пераклад кнігі «Псалтыр».
На тэрыторыі ўсходніх славян «Псалтыр» з даўніх часоў выкарыстоўваўся для навучання грамаце. Другой у друкарні Скарыны выходзіць «Кніга Іова».
У кнігах, якія былі надрукаваныя ў Празе, каля 36% беларусізмаў у галіне марфалогіі і лексікі. Мова пражскіх выданняў Скарыны вельмі далёка адыходзіць ад кананічнай царкоўнаславянскай мовы.
Пераклад Бібліі на нацыянальную мову – гэта і бунт, і вялікі прарыў, бо на той момант літургічнымі мовамі лічацца толькі тры: царкоўнаславянская, грэчаская і лацінская. Дзякуючы Скарыну самая важная кніга еўрапейскага свету робіцца зразумелай звычайнаму чалавеку, бо гаворыць з ім на ягонай мове.
31 кастрычніка Марцін Лютэр у Вітэнбергу абвяшчае знакамітыя 95 тэзісаў. Пачатак Рэфармацыі.
1517–1520 гады
1517–1520 гады
Скарына друкуе ў Празе пераклады 23 кніг Старога Запавету.
Скарынаўскія кнігі ў першую чаргу прыгожыя: яны маюць гравюры, ілюстрацыі, тэкст дзеліцца на абзацы, выкарыстоўваюцца загалоўныя літары. На думку даследчыкаў, гравюры выконваліся прадстаўнікамі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога Скарыны. Пры выданні выкарыстоўваецца тонкая папера, якая робіць кнігі больш таннымі і даступнымі.
Маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк. Развязваецца вайна паміж Каралеўствам Польскім і Тэўтонскім ордэнам. Канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы. Рэлігійны дыспут у Лейпцыгу, дзе Марцін Лютэр крытыкуе асуджэнне Яна Гуса. Фернан Магелан распачынае першае падарожжа вакол свету.
1520–1521 гады
1520–1521 гады
Францыск Скарына вяртаецца на радзіму і засноўвае ў Вільні ў доме бурмістра Вільні Якуба Бабіча першую ўсходнеславянскую друкарню.
Фернан Магелан адкрывае Вогненную зямлю. Марцін Лютэр спальвае булу, што адлучае яго ад царквы. Выходзіць «Песня пра зубра»‎ Міколы Гусоўскага.
1522 год
1522 год
Францыск Скарына выдае «Малую падарожную кніжку», якая выходзіць як зборнік рэлігійных твораў. Гэтае выданне распачынае гісторыю кнігадруку ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Скончваецца руска-літоўская вайна. Карака «Вікторыя» вяртаецца з першага ў гісторыі падарожжа вакол свету.
1525 год
1525 год
Францыск Скарына выдае ў Вільні «Апостал» — цэнтральную кнігу Старога Запавету.
Кожная кніга Бібліі, выдадзеная Францыскам Скарынам, суправаджаецца прадмовай. Скарына з’яўляецца аўтарам 50 прадмоў, самыя вядомыя з якіх — прадмова да ўсёй Бібліі, прадмовы да «Кнігі Юдзіф», да «Псалтыра», да «Кнігі Іова».
Максім Грэк зняволены ў Іёсіфа-Волацкім манастыры. Сялянскія паўстанні ў Цэнтральнай Еўропе.
Другая палова 1520-х гадоў
Другая палова 1520-х гадоў
Францыск Скарына ў Вільні жэніцца з Маргарытай Адвернік, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка. Звесткі пра яе ўзнікаюць у 1888 годзе, калі друкуецца судовы акт 1529 года, у якім Маргарыта выступае адказчыкам: «Малкгорета, жоне доктора Францышъка Скоринина, которая перед тым была за рядцою виленьским Юрем Одверником». Рашэнне караля ў выніку суда было на карысць Маргарыты.
Пачатак Рэфармацыі ў Швецыі. Разграбленне Рыма войскамі Карла V. Караблі Эрнана Картэса прывозяць у Еўропу какава-бабы.
Канец 1520-х гадоў
Канец 1520-х гадоў
Скарына працуе лекарам у шпіталі Кёнігсберга. Праз некаторы час доктар лекарскіх навук пакідае горад і вяртаецца ў Вільню. Прускі герцаг Альбрэхт складае Францыску падарожную грамату і пасылае некалькі лістоў да віленскага ваяводы Яна Гаштольда і да віленскай Рады. Альбрэхт просіць паспрыяць знакамітаму доктару ў вырашэнні судовых і маёмасных спраў, якія вымусілі Скарыну пакінуць Кёнігсберг. Чацвёртае ж яго пасланне абвінавачвае «нейкага доктара Францыска Скарыну» ў тым, што ён зманіў з сабой двух іншых падданых — лекара-іўдзея і ўласнага друкара Альбрэхта.
З’яўляецца першае еўрапейскае пасяленне на тэрыторыі сучаснай Аргентыны. Аблога Вены асманскімі войскамі. Эпідэмія «потнай гарачкі». У сувязі з гэтым — заснаванне шпіталю ў Кёнігсбергу.
Пачатак 1530-х гадоў
Пачатак 1530-х гадоў
Падчас вялікага пажару ў Вільні, верагодна, згарае друкарня Скарыны і гіне ягоная жонка Маргарыта.
Францыск Скарына едзе ў Маскву. Там ён, як таленавіты прадпрымальнік, шукае новыя «рынкі збыту». Але сустракае супраціў. Кнігі, прывезеныя з краіны, дзе пануе іншы палітычны і канфесійны лад, з якой, дарэчы, нядаўна скончылася вайна, выклікаюць падазрэнні. Афіцыйныя спісы Бібліі ў Маскоўскай Русі не прызначаюцца простым людзям. Сам факт перакладу Бібліі расцэньваецца ў Маскве як вялікае блюзнерства. Акрамя таго, выданні Скарыны сваім друкарскім і мастацкім абліччам, мовай, каментарыямі нагадваюць «лютэранскія» друкі. Спроба распаўсюдзіць у Маскве рэнесансныя кнігі завяршаецца іх спальваннем.
Звесткі пра Скарыну ў Маскве паходзяць з пазнейшай граматы Жыгімонта Аўгуста: «...калі ў валадаранне нашага богададзенага бацькі нейкі ягоны падданы, вядомы набожным намерам, вырашыўшы надрукаваць і выдаць на рускай мове Святое Пісанне, прыбыў да маскавітаў, гэтыя кнігі былі публічна спаленыя па загадзе князя, таму што былі выдадзеныя падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць ейнай уладзе». Пад назвай «руская мова» маецца на ўвазе кірылічнае пісьмо — падрабязней пра гэта можна пачытаць у іншым нашым артыкуле «Як прыгатаваць мову ВКЛ».
У Маскве з’яўляюцца першыя манетныя двары. У Швецыі прынятае «Аўгсбурскае веравызнанне». 2 сакавіка адбываецца вялікі пажар у Вільні, выгарае адна трэцяя горада.
1532 год
1532 год
Францыска Скарыну арыштоўваюць за пазыкі памерлага брата Івана. Францыск праводзіць паўгода ў вязніцы ў Познані.
Томас Мор падае ў адстаўку. Выдаецца праца «Уладар»‎ Нікало Макіявелі.
Пачатак 1550-х гадоў
Пачатак 1550-х гадоў
Смерць Францыска Скарыны ў Чэхіі.
Апошнія гады жыцця Скарына працуе садоўнікам і лекарам у Празе пры двары Фердынанда І.
Паўстанне ісландцаў супраць Даніі. Пачатак Аўстра-турэцкай вайны. Акупацыя Шатландыі французскімі войскамі.
1552 год
1552 год
29 студзеня кароль Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанд І складае «давераную грамату», у якой паведамляецца пра смерць доктара Францішка Рус Скарыны з Полацка.
Паход на Казань Івана Жахлівага.
Марская экспедыцыя англійскіх купцоў у пошуку Паўночна-Усходняга прахода ў Кітай.
Чэрвень 1924 года
Чэрвень 1924 года
Уладзімір Пічэта ўздымае пытанне пра святкаванне 400-годдзя са дня выхаду ў свет першай кнігі на беларускай мове. Ствараецца камісія, якая арганізоўвае выставу старадрукаваных выданняў у Дзяржаўнай бібліятэцы, займаецца падрыхтоўкай прац пра Францыска Скарыну, выдае брашуры і лістоўкі на беларускай і яўрэйскай мовах, папулярную кнігу для вучняў і малападрыхтаваных чытачоў, а таксама навуковы зборнік пра Скарыну.
Велікабрытанія прызнае СССР, памірае Ленін, У Нью-Ёрку адкрываецца легендарны Брадвейскі тэатр.
1990 год
1990 год
ЮНЭСКА аб'яўляе 1990 год годам беларускага першадрукара Францыска Скарыны.
Беларуская мова робіцца дзяржаўнай у БССР, Вояджэр-1 перадае фотаздымкі Зямлі на адлегласці 6 мільярдаў кіламетраў, засноўваецца кампанія Asus, у Маскве адкрываецца першы Макдоналдс, адбываецца аб'яднанне Заходняй і Усходняй Германіі, Беларуская СССР абвяшчае суверынітэт.

Калі вы дайшлі да канца гэтага матэрыялу, то сапраўды заслугоўваеце падарунак! Трымайце наш адмысловы стыкерпак у Telegram, прысвечаны Францыску Скарыну і ўсяму еўрапейскаму Рэнесансу.

Дзякуем Аляксандру Паршанкову за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Гісторыя
Еўропа
Беларусь
Усходняя Еўропа
Вільня
ВКЛ
Рэнесанс
XVI стагоддзе
Мікола Гусоўскі
Францыск Скарына