15 December 1990, Ivan Šamiakin | Wir.by

15 December 1990

Ivan Šamiakin

Ivan Šamiakin

Учора адбыўся пленум ЦК КПБ. Мяне выбралі членам бюро ЦК.

Шышка! Раней быў бы. А цяпер — лішні клопат, лішнія мазалі на задніцы. I адказнасць. Хоць за што адказваць? У тым i бяда, што партыя вызвалілася ад адказнасці за... хлеб, за мяса, за метал, за чаравікі i шкарпэткі. I за культуру. Але калегі мае будуць ківаць: у бюро — пісьменнік, няхай ваюе за мову, за выданні. А з мовай стала горш, чым было ў гады застою — сведчаць тыражы беларускай перыёдыкі, заказы на нашы кнігі, паэзія збірае ледзьве па 500 экземпляраў. Вось тут i жыві! Баюся, адсутнасць паперы загоніць беларускую літаратуру ў магілу.

Адно станоўчае: больш інфармацыі з першых рук, без пасрэднікаў, магчымасць глянуць на жыццё рэспублікі з пятага паверха. Калі хопіць сілы на раман аб перабудове, гэта спатрэбіцца — расшырыць панараму. Каб толькі здароўе. А яго мала. Часта перажываю цяжкія дні. Сасуды. Пазаўчора вельмі пагана пачуваўся. Учора лепш. Сёння зноў качае, як на палубе марскога судна. Халадзееш ад думкі, што трэба пасадзіць сябе за працу на тры гады. Раней кожную новую рэч пачынаў з радаснай узбуджанасцю. А цяпер узбуджаюць толькі ўспаміны; у ix акунаешся то як у гарачую, то як у халодную ванну.