4 November 1942, Ivan Mielež | Wir.by

4 November 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Чамусьці ў галаве ўпарта трымаецца, паўтараецца фраза, думка: «дамы поўныя ўспамінаў». Многа ўспамінаў, пэўна, тоіць i гэты дом.

Не кажучы пра далёкія, успамінаў блізкіх, нядаўніх. Вясной у гэты дом вярнулася з Масквы дачка Іосіфа Роза. Яна прынесла ў дом многа гарэзлівасці, смеху. У гэтым дамку на Маскоўскай было шумна. Тры маладыя лейтэнанты, дзве гарэзлівыя дзяўчыны. Танцы. Песні ля распаленай печы. Апавяданні. Было весела. Быў вясёлы час. Потым прыйшоў май, адну з дзяўчын — Розу — прызвалі ў армію. Адправілі яе. Праз некалькі дзён з усёй дывізіяй паехалі лейтэнанты. Засталіся толькі ўспаміны. Успамінаюць тут яшчэ сына Іосіфа. Ён скончыў вучылішча ў Мінску i збіраўся наведаць дом, але якраз пачалася вайна. Тут гадаюць, што з ім, дзе ён? Гадаюць, што з астатнімі, турбуюцца. З гэтага дома пачуцці людзей, ix позіркі быццам накіраваны да далёкага фронту. Колькі такіх успамінаў ва ўсім гэтым раскіданым, далёкім ад фронту гарадку Прадуралля! Колькі позіркаў адсюль сочыць за фронтам, за сынамі.

А дамы здаюцца ціхімі. На вуліцах людзей мала. I жыццё ix быццам будзённае, спакойнае. I, здаецца, мірна, бесклапотна мільгаціць першы снег.