19 February 1896
Fierdynand Ruščyc
З раніцы знаходзіліся ў нейкім урачыстым настроі – чакалі Айвазоўскага. Аб 11-й прыйшоў. Вітаючыся, назваў нас сваімі ўнукамі. Акружаны намі, пачаў маляваць. Пэндзлі меў з сабой. Карыстаўся амаль толькі адным. Мяккім пэндзлем злёгку заціраў. За 1 гадз. 55 хв. зрабіў досыць вялікую карціну, а па вартасці – адну з найлепшых ягоных прац. За ўвесь час не прысеў, нават не адыходзіў ад палатна. Казаў, што, малюючы неба, ваду, не трэба ўсё маляваць вуглём – трэба, малюючы, тварыць, звяртаць увагу на выпадковыя акалічнасці. А 1-й разам з Куінджы і з намі пайшоў у буфет. Тут мы засталі шмат вучняў, якія, калі ён уваходзіў, усталі. Гэта было маўклівым, але яскравым сведчаннем шанавання і павагі да майстра, які 60 гадоў таму вучыўся ў гэтым жа будынку. I развітваліся з ім такім жа чынам. Каб паглядзець яго карціну, у майстэрню ўвесь час заходзяць навучэнцы. Палітру мы захаваем як гістарычную памятку. Увесь дзень прайшоў па-святочнаму, а ўвечары высветлілася – гэта дзень імянінаў Куінджы. Прынеслі тарты, аднак ужо а 8-й Куінджы вымушаны быў развітацца з намі.