26 October 1941, Ivan Mielež | Wir.by

26 October 1941

Ivan Mielež

Ivan Mielež

«Вымушаная пасадка» ў сяле Далінаўка. Мы прайшлі Луганскае, Троіцкае. Гаручага няма, i мы начавалі ў Далінаўцы. Цэлы дзень прайшоў таксама тут. Я «круціў» патэфон. Па некалькі разоў слухаў «Ноч светла» i «Мой костер». У пакоі было чыста, утульна. Насупраць сядзела медсястра Рая Я. Каля нас не рваліся снарады. Зноў раптам узнікла вострае жаданне радасці i шчасця, забытае на франтавых дарогах, зашчымела ў сэрцы вострае адчуванне спакойнага жыцця. Дні ў інстытуце, такія кароткія i непрыкметныя,— што я аддаў бы для таго, каб вы вярнуліся, але вы далека... I я амаль упэўнены, што вы не вернецеся. Ворагі ля варот Масквы. Не трэба пра гэта думаць. Лепш думаць пра сённяшні дзень у Далінаўцы. Ён добры: хлопцы знайшлі дзяўчат, смяюцца, звініць гітара...