5 June 1942
Ivan Mielež
Быў у артылерыстаў-чырвонасцяжнікаў. Якія цудоўныя хлопцы!
У дні 17-18 яны рабілі проста цуды. Вось адзін з ix — беларус, сціплы чыгуначнік з Віцебска Балтрушэвіч. На яго напала вялікая група нямецкіх аўтаматчыкаў. Ён засеў у бліндажы i застрэліў з карабіна аднаго фашыста. Потым геройскі трымаўся ў акружаным акопе. Яны кінулі гранату. Няўдала. Яна не трапіла ў шчыліну, а разарвалася перад ёй, абсыпаўшы байца пяском. Другая граната пацэліла проста ў акоп. Ён схапіў гатовую разарвацца гранату i выкінуў да немцаў.
Трое фашыстаў было разарвана сваёй жа гранатай. Потым артылерыст вырашыў наступаць. Ён зарадзіў гранату i кінуў у кусты, што акружалі бліндаж. Вызначыўшы па гуку аўтаматных стрэлаў, дзе сабраліся фашысты, кінуў процітанкавую гранату. Немцы з лямантам разбегліся. Тады наш хлопец-камсамолец Балтрушэвіч выбраўся з бліндажа i вывеў з сабой маладога, неабстралянага таварыша. Было нямала такіх подзвігаў, калі пад агнём аўтаматчыкаў-немцаў ездавыя ўрываліся на пазіцыі і, зачапіўшы гармату, імчаліся да сваіх. Некаторыя за гэта заплацілі жыццём.
Пісаць можна многа, добра. Толькі, каб — друкарню. Галецкі паехаў «стукаць» аб ёй.