15 July 1982
Ivan Šamiakin
Мой бацька быў старэйшы ў сям'і, 1899 года нараджэння. За ім ішоў Трафім, Трышка, як называлі яго ў сям'і, маладзейшай была Мар'я, якая жыве яшчэ i цяпер, а я, грэшны, не бачыў яе ўжо многа гадоў, хоць яна i сыны яе пішуць мне, як правіла, просяць дапамогі — грошы, лякарства, i Маша, душа добрая, нярэдка высылае то пасылку, то грошы, хоць сёстры мае, Галя i Таня, калі даведаліся, што 40-45-гадовыя дзецюкі — стрыечныя браты (абодва нежанатыя) «дояць» брата, абурыліся i раілі нам «не балаваць гультаёў».
Трышка, як помню, быў чалавек вясёлы, гарэзлівы. Дзед мацюкае яго, а ён смяецца. Быў аматар на выдумкі. Уступіў у камсамол (колькі там было тых камсамольцаў у 20-я гады!), а потым пайшоў спяваць у царкоўны хор. З камсамола яго з трэскам выключылі.