28 February 1982
Uładzimir Karatkievič
Думаў над гісторыяй майя. Не толькі іспанская зброя і конніца, але і рэлігія, якая патрабавала чалавечых ахвяр, згубілі старажытную Мексіку. Тут кажуць аб неверагоднасці рабства пры такой багатай і сытнай культуры, як кукуруза, і што, маўляў, таму адпраўлялі на ахвярнік палонных, зачыналі з васаламі «вайну кветак» (калі васал ваюе цацачнай зброяй, а пан – сапраўднай, а «палонных» адпраўляюць на ахвярнік і з’ядаюць), з’ядалі рабоў і г. д. Страшна падумаць аб вывадзе (магчыма, няверным), які прыйшоў мне ў галаву. Так, расліннага бялка вышэй галавы, жывёльнага – амаль зусім няма. Каб задаволіць патрэбу арганізма ў бялку, чалавек павінен з’ядаць у дзень 10 кг бульбы (а калі толькі бульбы, то на чатырнаццаты дзень страўнік адмаўляецца яе ператраўліваць). Возьмем спрошчана. Галоўная ежа майя – кукуруза. У 1 кг сухога зерня 1,34 кармавой адзінкі. У мясной муцэ – 1,6. Або яшчэ, у бульбе 2–3 % бялку. У кукурузе – 17. У мясной муцэ пратэіну 65–80 %, тлушчу – 8–10 %. Што жыве ў трапічных лясах Юкатану? 2 віды малпаў (адсюль адзін крок), тапір, ягуар (невядомы), дзікі індык і алень (рэдка). У насельніцтва бялковае галаданне. Хатніх жывёл, здаецца, амаль не было. Па святах, пасля вялікіх ахвярапрынашэнняў, чалавечае мяса елі не толькі жрацы і знаць, а ўсе. У вайне галоўнае было не захапіць зямлю (хапала сваёй) і не забіць ворага, а ўзяць яго ў палон. Забіць іспанцаў было б лягчэй лёгкага (атручаныя стрэлы былі), але яны, майя, сотнямі лезлі на іх і гінулі, бо жрацы за стагоддзі ўбілі ў галаву людзям, што толькі палон. Вінаваціць іх не падымаецца рука. Усе грамадствы на пэўнай ступені развіцця перажылі гэта. Але тыя, каго елі, былі і сталі рэзервам добраахвотных памочнікаў іспанцам (яны не ведалі, што іспанскія гекатомбы будуць лічыць пасля ўжо не тысячы, а мільёны галоў, што брыда людаедства ўсё ж не апраўдвае генацыду ў адносінах да шматлікіх індзейскіх плямён). За сто год «канкістадорства» насельніцтва толькі Мексікі паменшала ў 23 разы, г. зн., дзе жыло 230 чалавек, засталося 10. Адно людаедства, рэлігійнае, было заменена людаедствам «цывілізаваным». Гэта як у Германіі. Бедны саматужнік Гаген, у «Нібелунгах», піў кроў чалавечую. Ну колькі яны маглі там засячы людзей пад час бітвы ў падпаленым зале? Ну, сто. Кроў ста чалавек. Фашызм крыві не піў. Але са сколькіх мільёнаў ён яе выпіў.
Пагубіў ацтэкаў недахоп бялку; рэлігія з ахвярамі, якая вырасла на гэтай глебе; нянавісць патэнцыяльных ахвяр, суседзяў; тое, што іспанцы лічылі святой справай пазбавіць свет ад такой рэлігіі і гэтым апраўдвалі (большасць, мабыць, знаходзіла ў гэтым тое, што, яны кепскія, а я харошы) свае нечалавечыя зверствы.
Тут і пораху не трэба было. Усім абрыдла гінуць. А тут прыйшоў з усходу, ад мора белы пярнаты змей, калісьці выгнаны продкамі (а ўсе памяталі, што ён абяцаў вярнуцца), нясе маланку. І ляснула імперыя. Як усё, што заснавана на фанатызме, сцвярджэнні непахіснасці таго, што ёсць, жорсткасці, расправе з іншамыснымі, нежаданні думаць сваёй галавой.
Мне не шкада ні жрацоў, ні канкістадораў. Шкада, што пала ў руінах спадарожніца нават такога жорсткага грамадства, спадарожніца ўсякага грамадства. Пала бязвінная і вялікая чалавечая культура. Прыціснутая і ўсё ж жывая пала ў прах, рассыпалася, згніла. Бязвінная адказчыца за грахі тых, што так не давалі ёй дыхаць, так груба і так падступна катавалі яе.
Яны выблыталіся – хай сабе прыняўшы чужую рэлігію з яе аўтадафэ, стаўшы са жрацоў – біскупамі. А вось самы дакладны дагэтуль каляндар у свеце – загінуў. А вось кнігі спалілі. А вось мастацтва знішчылі молатам і агнём. Рэшткі ад яго засталіся. Знішчалі яго і старыя і новыя, рэнегаты і заваёўнікі, але каб не вартыя жалю рэшткі ягоныя не было б апраўдання перад ісцінай усім мільёнам гэтых існаванняў на зямлі. Пляваць бы нам было на тых, каго елі і хто еў. Каго забівалі і хто забіваў.