17 March 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

17 March 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

3 г. 58 хв. Скончыў эсэ «Мой се градок». Лёг а палове пятай. Устаў у дзесяць. Вады не было. Пакуль пайшла, пакуль валэндаўся – 12.

Апоўдзень +4. Неба без хмурынкі. Сонейка ў небе, птушачкі цывікаюць, машыны на Энгельса і метрабудзе равуць. Добра, што побач ЦК і ўсё ж крыху саромеюцца пусціць, скажам, каменедрабілку. І ўсё адно гэты творчы акампанемент буду слухаць яшчэ два гады, калі, вядома, абяцанка не будзе цацанкай. А так харошы дзень, ясны.

Панясу «Мой се градок» у «Маладосць», дзе здаюць нумар, а спахапіліся, што Кіеву 1500 год, толькі за некалькі дзён да здачы і, як заўсёды ў іх, патрабуюць, каб работа была зроблена ўчора. Урэшце, чаго гэта я разбурчаўся, з «тоўстых» – адзіна прыстойны, да гэтага быў, часопіс.