7 September 1942, Ivan Mielež | Wir.by

7 September 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Хадзіў на стадыён, глядзеў футбол. На Стадыёне разгаварыўся з суседам — малодшым лейтэнантам, пехацінцам. <...>

Ён сказаў, што Растоў здалі амаль без бою. Сталін з прычыны Растова выдаў загад, у якім ёсць такія словы пра тых, хто вінаваты ў здачы Растова: «вы зганьбілі свае сцягі». Сталін кажа, што стварылася небяспечнае становішча для ўсёй краіны. Што адступаць далей — значыцца, згубіць усё. Што трэба ўстанавіць жалезную дысцыпліну i біцца за кожную пядзю зямлі. Што панікёраў i баязліўцаў трэба бязлітасна расстрэльваць.

Загад гэты чыталі перад строем ва ўсіх часцях. Пад загадам даюць распісвацца, як пад прысягай, Моцны гэты загад — № 227.

Я ўвесь час хаджу пад уражаннем гэтай размовы. Думаю аб загадзе, аб Растове, аб лейтэнанце, аб маіх таварышах па дывізіі, — што ім давялося зазнаць у гэтыя дні i дзе яны? Яны не інакш недзе недалёка. Тыя, хто жывы яшчэ.

Сэрца страшэнна цісне пачутае. Адчуваю амаль адчай, ніколі не думаў, што будзе такое лета!

Калі ж прыйдзе канец гэтаму? Калі ж сіла наша загаворыць? Што ж гэта робіцца?

У Сталінградзе баі як быццам ідуць паспяхова. На поўдні яго немцы чатыры разы атакавалі, але адбіты. Адбілі атакі i на поўначы. У раёне Маздока нашы знішчалі немцаў, якія прарваліся цераз раку. Наогул, адчуваецца як быццам, што немцы выдыхаюцца. А мы, падобна, набіраем сілы.