19 May 1991, Ivan Šamiakin | Wir.by

19 May 1991

Ivan Šamiakin

Ivan Šamiakin

Цяпер пра Машэрава многа пішуць, цэлыя аповесці, у аповесці С. Антановіча яго апошнія месяцы распісаны ледзьве не па гадзінах, а дзень смерці — па хвілінах.

Пасля яго трагічнай гібелі ў мяне, груба кажучы, свярбелі мозг i рука — напісаць пра яго дакументальную аповесць. Яшчэ раней мне хацелася напісаць пра яго маці, якую расстралялі фашысты. Апярэдзілі падхалімы i спаганілі тэму: ніхто не напісаў нічога сур'ёзнага ні ў прозе, ні ў паэзіі, ніхто не ўзняўся да сапраўднай трагедыі (а трагедыя шэкспіраўская!), як, між іншым, ніхто не напісаўтрагедыю дзяцей Міная, бадай, «Балада» А. Куляшова — вяршыня, хоць канцэпцыя яе прадыктавана ўмовамі вайны, ідэалогіяй вайны. Праз сорак гадоў можна было б напісаць, але ніводзін сур'ёзны мастак не ўзяўся за гэтую тэму. Ды i хто гэта мог зрабіць? Выношваў гэтую тэму Андрэй, але да трагедыі ён так i не ўзняўся. Мне здавалася: смерць дзяцей — не прадмет даследавання. А пра смерць маці хацелася напісаць. Не адной. Іx арыштавалі чацвярых, матак партызан. I ўсіх расстралялі. Перакананы: пра гэта трэба пісаць, цяпер гэта больш неабходна, чым у любы іншы пасляваенны час. Можна ўсё адмовіць, але патрыятызм i матчыну адданасць Радзіме i сынам адмовіць нельга. Калі хтось гэта хоча зрабіць — злачынца, якому няма апраўдання перад народам i гісторыяй.