25 March 1982
Uładzimir Karatkievič
Тэрмометр ледзь ускараскаўся на дзве ступенькі ад нуля. Неба без пробліску. Дажджу няма, хаця пры такім небе яму б церусіць і церусіць. Трапочуцца галубы, дымком нясе. Каб не спевы птушак, то сам бяздарны дзень.
І справы бяздарныя. Ездзіў у Акадэмію, пасля шукаў тое-сёе, купіў Кісялёву «Музей». Снег усю зіму не прыбіралі, цяпер паколатым лёдам засыпаныя ўсе бульвары, усе спадзяюцца на вялікую прыбіральшчыцу вясну. Нічога не вычытана, лісты не адказаны, галоўная работа стаіць – а, каб яно ўсё спрахла!