14 January 1942, Ivan Mielež | Wir.by

14 January 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Закінуты раз'езд, згублены ў шырокіх снежных прасторах. Вечарэе. Байцы зноў пачалі нудзіцца аднастайнасцю шляху, доўгімі стаянкамі. Усё радзей прыпадаюць да вокан. Кожны стараецца заняцца чым-небудзь. У Заічэнка самае дарагое, відаць, альбом з фатаграфіямі. Можа, у соты раз ён павольна гартае яго, падоўгу ўглядваецца, расказвае. Пажылыя па старой звычцы гаспадараць, у рэчмяшках усё перакладваюць — рушнік, яшчэ, мусіць, жончыны, дамашнія шкарпэткі. Многія заняты «пытаннем харчавання». Дымяць кацялкі на печы. Потым п'юць чай, часта без цукру, таму што чаяпіцце паўтараецца некалькі разоў на працягу дня, i цукру не хапае. Вечна хто-небудзь жуе. Гусараў чытае... Жыгалава просяць расказаць казку. У мяне ўцеха-дзённік. Чым ён мне дарагі! У цяжкія хвіліны яму я давяраў свае запаветныя мары i думкі, якія не маглі зразумець лепшыя сябры. З ім у хвіліны адзіноты я шчыра гаварыў і, быццам сябра, слухаў яго. Не песціць нас жыццё, мала ўцех прыносіць яно нам, дзённік — у ліку ix. Ён разрастаецца падрабязнасцямі, цяпер не цікавымі, гэта — для заўтрашніх дзён... Цяжка растлумачыць усё гэта.

Атрымліваецца неяк блытана, бязладна. Пасля як-небудзь абдумаем, збяромся з думкамі.