23 February 1982
Uładzimir Karatkievič
Наша шэрань таўсцейшая, чым на тым баку вуліцы. Наша ўжо зусім як белы карал, хіба што напалову танейшая, а тая тонкая і як бы размазаная, уся будова дрэва відаць. Сем градусаў. Гэта «баба», што забівае жалезабетонныя палі, чамкае, чахкае і пакрыўджана свішча. Усё ж работаць пад яе акампанемент – геройства. Не магу думаць аб хворых, якія слухаюць гэта. І зноў замест неба шэры полаг.
Ездзілі ў «Івушку». Нічога не купілі. Падобнай безгустоўшчыны пашукаць. І гэта наша барацьба з «Індпашывамі» і «Обшчапітамі», у якой мы дайшлі да ручкі: «Руслан», «Людміла», «Лакамка», «Цвецічак», «Ягадка» – фантазія проста гофманаўская, дантаўская. Зверхвыбух звышфантазіі.
Скончыў праўку «Маці ўрагану».