8 November 1942, Ivan Mielež | Wir.by

8 November 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Мімаволі чакаў добрых вестак з фронту — да свята. Але ў зводках усё тое ж — баі ў Сталінградзе, Туапсэ i Нальчыку.

У зводцы — вестачка з роднага Палесся: партызаны пусцілі пад адхон састаў з салдатамі i афіцэрамі. Разбіта 32 вагоны...

Учора вечарам мы адсвяткавалі Кастрычніцкую гадавіну. Ціха, сціпла. За сталом сядзелі чатыры чалавекі: гаспадыня, дачка, я, лётчык Вася. Учатырох мы выпілі. Я маўчаў. Было сумна, кружылася галава. Успаміналіся зноў тыя, каго не хапала на гэтым вечары. Сябры. Сябры... Успаміналіся родныя мясціны, Карпаты, украінскі стэп.

Быццам зноў бачыў станіцу Луганскую. Які год мінуў! Якія выпрабаванні прынёс нам! Толькі год, а як змянілася ўсё!.. Вася расказваў пра палёты над лініяй фронту. Падбіты самалёт упаў на лес. Павіс. Дамоў дабіраліся пешкі. Пераапранутыя, хаваючыся па лясах, абмінаючы вёскі. Потым ён падняўся, прапанаваў дачцэ гаспадыні пайсці ў клуб авіяшколы. Яны пайшлі. А я застаўся адзін з гаспадыняй, з успамінамі. Думалася аб тым, што старых таварышаў страціў на фронце, пакінуў у шпіталі, а новых няма. У гэтым горадзе, дзе столькі рознага народу, няма ніводнай блізкай мне душы. Здаецца, ніколі я не адчуваў сябе такім адзінокім.