5 January 1942, Ivan Mielež | Wir.by

5 January 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Увесь час з учарашняга вечара да 3-х гадзін сённяшняга дня ішлі. Надвор'е жудаснае. Увесь час паўночны вецер біў у твар. Вочы забівае снегам. Стыне твар. У некаторых твары з цёмнымі плямамі абмарожання. Ісці цяжка. Дарога ў многіх месцах засыпана снегам глыбока. Байцы ўвесь час перапытваюць, ці далека яшчэ. Але ніхто не ведае. А мы ўсё ідзем i ідзем. Наперадзе зачарнелі дамы. Мільгнула надзея, можа,— прывал, але не, мы няспынна цягнемся наперад.

Сесці на гармаху, адпачыць нельга, мароз адразу скоўвае ногі. Толькі ўдзень калона спынілася. Сяло наперадзе праз восем кіламетраў. Камісар з групай пайшоў у разведку. Стаім. Мерзнем больш ранейшага.

Лепш ужо ісці. Робімся танцорамі нехаця. Хтосьці дастаў кавалак цвёрдага, як цагліна, хлеба. Адразу ўзнікае чарга. З учарашняга абеду мы нічога не елі. Камісар вярнуўся без вынікаў. Зварочваем назад, потым убок. Потым яшчэ пакутлівыя пяць кіламетраў з двума хутарамі, якія забіты ваеннымі i якія мы вымушаны абмінуць — i вось, нарэшце, мы ў хаце. Халаднавата. Усе прыладжваюцца бліжэй да пліты. Але яшчэ горш мучыць голад. Абед будзе не хутка. Загадваюць класціся спаць, таму што адразу, як толькі прыйдзе запраўка, рушым.

Хутчэй спаць.