19 April 1895
Fierdynand Ruščyc
Прыехаў у Маскву а 8-й раніцы. Спыніўся ў гатэлі «Раlais Royal» на Лубянцы. Найперш пайшоў у Траццякоўскую бібліятэку (Лаўрышанскі завулак). У галерэі пачаў ад карцін Верашчагіна. Магу сказаць, ён зрабіў на мяне найбольшае ўражанне. Вось чалавек, які з інтэлігентнасцю і аддачай ставіўся да свайго прадмета. Колькі тыпаў, колькі эцюдаў пейзажаў, колькі эцюдаў архітэктуры! I як выкананых! А карціны «Падзяка ля мячэці», «Падземная вязніца»... і іншыя. Далей Паленаў. Дасканалыя эцюды паўднёвага сонца, і ў наступных залах цэлы шэраг карцін вядомых жывапісцаў – кожная карціна арыгінальная і добра намаляваная. Але «Іван IV з сынам » Рэпіна – тут не толькі слоў, але і духу не хапае. Столькі псіхалагічнай праўды, так перададзена сцэна забойства! З карцін Сурыкава падабаюцца «Стральцы» і «Меншыкаў». Зацікавілі марынісцкія карціны Айвазоўскага і Судкоўскага. У Айвазоўскага дасканалыя «Чорнае мора» і «Шчыт». Для мяне ён назаўжды самы вялікі марыніст. Выдатныя два эцюды Судкоўскага, вельмі праўдзівы тон вады на карцінах, аднак у малюнках хваляў ёсць вялікае падабенства з Айвазоўскім. Пра Васільева цяжка сказаць нешта новае. Гэта паэт, якога можна толькі любіць, жывапісец, у якога трэба вучыцца. Добра, што побач з ім, як і ў жыцці, знаходзіцца Крамской. Прыгожы «Хрыстос», але мне здаецца, праз ягоны твар больш перададзены выраз разумовай працы, чым пачуцця. Пра карціны Куінджы магу сказаць, што чуў пра іх зашмат. Больш падабаюцца яго «На Поўначы» і «Забытая вёска», чым нашумелыя «Ноч» і «Бярозавы гай». Каларыт усіх карцін надзвычай моцны. Добра пададзены Шышкін. З даўніх мастакоў вельмі цікавы Пяроў. Яго знакаміты «Птицелов» сапраўды дасканалы. Раніцай мушу паглядзець яго малюнкі і яшчэ раз прайсці ўсю галерэю. Забыўся пра Васняцова. Талент цалкам самабытны.