14 April 1982
Uładzimir Karatkievič
Апоўдні +2℃. Сонца, рэдкія хмаркі. Усякая ерунда. Учора бачыў сапраўды сінюю-сінюю сініцу, прычапурылася. Звычайна сіні колер у іх бляклы, у прускі блакіт. А тут такая ляпіс-лазур, што вачам балюча, і грудка не жоўтая з водсветам у зялёнае, а жоўтая з водсветам у блакіт, і толькі крыху зелені. Сёння бачыў ластавак на карнізе дома праз вуліцу. Снегу на «тэатральнай кучы» маленькі мазок.
Быў Сяргей Сцяпанавіч Грачанюк, валыняк, зараз з Кіева. Разумны вельмі і, па-мойму, прыемны чалавек.
Даўным-даўно, парадзіруючы прыстрасць сталінскіх часоў да ваенізіраванасці, добры мой … сказаў мне: «Благодарю профессоров за лихое чтение лекций, а студентов за залихватское их посещение».
Я ні ў малой меры не вінаваты, што свет населены балванамі. І мне няма за што дзякаваць, калі ён часткова населены ўсё ж разумнымі людзьмі.