21 September 1994, Ivan Šamiakin | Wir.by

21 September 1994

Ivan Šamiakin

Ivan Šamiakin

Прачытаў кнігу Вольгі Івінскай «В плену времени». Івінская — палюбоўніца Барыса Пастарнака, але галоўнае — добры літаратар, перакладчык, па-мойму, прачытаў між радкамі, ды i сама яна піша, што яе абвінавацілі ў гэтым пасля смерці Б. П. Многія пераклады паэзіі рабіла яна, не Пастарнак; нямала перакладаў з дзесятка моў выдадзены i пад яе прозвішчам. Кнігу яна напісала выдатную, калі цаніць аб'ектыўна.

Гісторыя яе сувязі з Пастарнакам, каханне ix i асабліва гісторыя «Доктара Жывага» i яе дзвюх пасадак — за Пастарнака — чытаецца, як найлепшы раман, лепш за любы дэтэктыў. Ды i гісторыі па сутнасці дэтэктыўныя. Па-мойму, другой кнігі, якая так бы изобличала дурноту нашых партийных босаў i бяздарнасць органаў, няма.

Баючыся пасадзіць Пастарнака — фігура! — яны, ідыёты, садзяць яго палюбоўніцу, жанчыну, у якой двое дзяцей ад двух мужоў.

Бабачка яна, відаць, тая; адзін муж пусціў сабе кулю ў лоб. Але юрлівасць — не прычына для пасадкі. A ў час смерці Б. П. ёй было ўжо пад 50. I пасадзілі яе i дачку яе Ірыну за тое, што яны прынялі ад замежнікаў грошы за «Жывага...», ганарар. Нават не ў валюце — у рублях. Во дзікунства! Горш за сярэднявечча: тады за законна атрыманыя грошы нікога не пасадзілі б.

Хораша Вольга Усеваладаўна сцёбнула па некаторых «сябрах» Пастарнака, якіх цяпер выдаюць за святых.