19 December 1942, Ivan Mielež | Wir.by

19 December 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Учора зноў было паведамленне «У апошні час». Нашы пачалі наступленне на сярэднім Доне! З поўначы — пад Новай Калітвай i з поўдня —пад Бокаўскай. За чатыры дні нашы войскі прабіліся ўперад да 90 км, занялі Новую Калітву, Канцеміраўку i яшчэ 200 насел. пунктаў. Разгромлены дзевяць пяхотных дывізій i адна брыгада.

Гэтае паведамленне вельмі ўзрадавала, таму што ўчарашняя зводка наведамляла пра зацятыя баі — на поўдзень ад Сталінграда — з танкамі i пяхотай немцаў. Відаць, немцы спрабуюць перайсці ці перайшлі ў контрнаступленне.

Растрывожыла таксама паведамленне пра зверствы на акупіраванай тэрыторыі. Немцы ў Смаленскай вобласці чыняць расправы над людзьмі, паляць вёскі, гоняць многіх на катаргу ў Германію. Думаю з трывогай: што там, у маіх Глінішчах?

Прайшло паўгода, як я ранены. Рана загаілася, але рука ўсё на падвязцы. Спрабаваў зняць, хадзіць без падвязкі, але тады яна пачынае балець. Здаецца цяжкай, цягне ўніз плячо i моцна ные. Сяк-так у неабходную хвіліну памагаю ёй левай, але кожны раз яна пярэчыць назалелым болем. Даводзіцца лічыцца. Нават пісаць не хоча, прымушае час ад часу спыняцца, прыстасоўвацца да яе — вадзіць ёй асцярожна, без намагання, не націскаць аловак. I па-ранейшаму — нязручна спаць. Кожны раз кручуся, пакуль уладжуся так, каб ёй i плячу было зручна.

Засталіся тры месяцы да пераасведчання. Але шанцаў на паляпшэнне маіх спраў з рукой небагата. Усё ж маё становішча ў гэтых адносінах няпэўнае. Як кажуць: пажывём — пабачым.

Зрэшты, я працую як магу. I ў інстытуце, i дома. Пішу. Вельмі хочацца пісаць.